Трамп чарговы раз заявіў, што расчараваны Пуціным, і зноў паабяцаў зьмяніць стаўленьне да Расеі

Дональд Трамп у Белым доме 2 верасьня 2025 году

Працяг расейскіх паветраных атак на ўкраінскія гарады прывёў да таго, што Трамп зноў заявіў пра незадаволенасьць Крамлём.

«Я вельмі расчараваны прэзыдэнтам Пуціным, магу гэта сказаць», — адзначыў Трамп у радыёперадачы Скота Джэнінгса 2 верасьня, калі яго спыталі, ці пачуваецца ён здраджаным празь дзеяньні Пуціна пасьля іхнай сустрэчы на Алясцы 15 жніўня. Саміт на Алясцы Трамп зноў назваў вельмі добрым.

Пры гэтым Дональд Трамп не ўдакладніў, што менавіта ён гатовы зрабіць.

Ён дадаў, што на вайне гінуць тысячы чалавек, і «гэта не амэрыканцы, гэта расейцы і ўкраінцы».

Таксама Трамп пракамэнтаваў супольны вайсковы парад у Пэкіне, на які быў запрошаны Ўладзімір Пуцін. Трамп зноў заявіў, што не занепакоены ўмацаваньнем расейска-кітайскіх дачыненьняў:

«Кітай мае патрэбу ў нас, у нас вельмі добрыя адносіны з старшынём Сі. Кітай мае патрэбу ў нас большую, чым мы ў іх».

Трамп назваў амэрыканскае войска наймацнейшым у сьвеце.

Амэрыканскі прэзыдэнт раней абяцаў вялікія эканамічныя санкцыі супраць Расеі ў тым выпадку, калі Ўладзімір Пуцін не пагодзіцца на мір з Украінай і ня будзе рухацца ў бок пагадненьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністар фінансаў ЗША: Пуцін не выконвае абяцаньняў