Ракеты з радыюсам дзеяньня 450 кілямэтраў аплацяць эўрапейскія краіны.
Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША ўхваліла продаж Украіне 3350 ракет павялічанага радыюсу дзеяньня ERAM, піша газэта The Wall Street Journal са спасылкай на свае крыніцы. Ракеты павінны прыбыць ва Ўкраіну прыкладна праз шэсьць тыдняў.
Па словах суразмоўцаў выданьня, пакет узбраеньняў коштам 850 мільёнаў даляраў, які ўключае «і іншыя найменьні», фінансуецца ў асноўным эўрапейскімі краінамі. Крыніцы WSJ адзначылі, што рашэньне аб продажы ракет было адкладзенае да сустрэчы Дональда Трампа з Пуціным і Зяленскім.
Афіцыйныя асобы ЗША заявілі WSJ, што для прымяненьня ракет ERAM, максымальны радыюс дзеяньня якіх складае 450 кілямэтраў, Украіне спатрэбіцца адабрэньне Пэнтагона.
З канца вясны ЗША не даюць Украіне дазвол наносіць удары па тэрыторыі Расеі ракетамі вялікай далёкасьці. Гаворка ідзе ня толькі аб амэрыканскіх ракетах, але і аб зброі, пастаўленай Украіне эўрапейскімі краінамі, якая выкарыстоўвае для навядзеньня амэрыканскія дадзеныя выведкі і зьмяшчае ў сваёй канструкцыі кампанэнты з ЗША. У прыватнасьці, ухвала Пэнтагона патрабуецца для выкарыстаньня брытанскіх ракет Storm Shadow.
Зяленскі заявіў, што да канца года ва Ўкраіне запусьцяць масавую вытворчасьць дальнабойных ракет «Флямінга».
Мэханізм разгляду запытаў Кіева на выкарыстаньне зброі вялікай далёкасьці распрацаваў намесьнік міністра абароны ЗША па пытаньнях палітыкі Элбрыдж Колбі. Апошняе слова ў прыняцьці рашэньня застаецца за міністрам абароны.
WSJ адзначае, што патрабаваньне Пэнтагона аб атрыманьні адабрэньня для нанясеньня ўдараў фактычна адмяніла рашэньне папярэдняга прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна дазволіць Украіне наносіць удары па тэрыторыі Расеі з дапамогай ракет ATACMS.
Пры гэтым некалькі дзён таму Дональд Трамп пісаў у сацсетцы Truth, што Джо Байдэн не даваў Украіне нападаць, а дазваляў толькі абараняцца.