У сталіцы ЗША з аўторка па чацьвер праходзілі нарады з удзелам высокапастаўленых вайскоўцаў з ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Італіі і Фінляндыі з удзелам прадстаўнікоў Украіны, паведаміла агенцтва Reuters.
Як гаворыцца ў паведамленьні Пэнтагону, былі распрацаваныя розныя варыянты вайсковага складальніка гарантый бясьпекі. Яны былі прадстаўленыя на разгляд дарадцаў па нацыянальнай бясьпецы краін, якія прынялі ўдзел у кансультацыях.
У чацьвер гэтыя пляны абмяркоўваліся на анлайн-сустрэчы дарадцаў, у якой прыняў удзел дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё, які адначасова выконвае абавязкі памочніка прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы. У ёй удзельнічалі прадстаўнікі тых самых пяці эўрапейскіх краін, а таксама Эўракамісіі і NATO. Па дадзеных крыніц, бакі дамовіліся, што менавіта эўрапейскія краіны павінны ўзяць на сябе «львіную долю» адказнасьці за забесьпячэньне гарантый бясьпекі Ўкраіны. Раней аб тым жа казаў прэзыдэнт ЗША Джэй Ды Вэнс. Пры гэтым у Вашынгтоне падкрэсьліваюць, што гатовыя ўнесьці свой уклад у дапамогу эўрапейскім саюзьнікам.
Як піша Reuters, адным з варыянтаў па-ранейшаму застаецца разьмяшчэньне ва Ўкраіне пэўнай колькасьці вайскоўцаў з эўрапейскіх краін. Злучаныя Штаты пры гэтым маглі б аказаць падтрымку з паветра — або патрулюючы паветраную прастору над пэўнымі тэрыторыямі Ўкраіны, або забясьпечыўшы прыкрыцьцё сіламі супрацьпаветранай абароны.
У той жа час, незразумела, якія з эўрапейскіх краін маглі б накіраваць ва Ўкраіну войскі. Шэраг зь іх, у тым ліку Польшча і Румынія, якія падтрымліваюць Украіну, адхілілі магчымасьць адпраўкі войскаў. Пад сумневам і ўдзел вайскоўцаў зь Нямеччыны.
Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў напярэдадні зноў адхіліў магчымасьць разьмяшчэньня ва Ўкраіне вайскоўцаў NATO. У сваёй характэрнай манеры тое ж зрабіў намесьнік кіраўніка Савету бясьпекі Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў. Афіцыйная пазыцыя Масквы заключаецца ў тым, што гарантыі для Ўкраіны павінны даць краіны-члены Рады бясьпекі ААН, у тым ліку Кітай і сама Расея. У Кіеве з гэтым ня згодныя.
Агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцы паведаміла, што камэнтары Лаўрова «фактычна разбурылі» перамовы Расеі з ЗША, якія вяліся апошнім часам. Некалькі высокапастаўленых эўрапейскіх чыноўнікаў і дыпляматаў, як піша Bloomberg, перакананыя, што Расея цяпер не імкнецца да мірнага ўрэгуляваньня, а спрабуе толькі зацягнуць працэс, каб як мага даўжэй пазьбегнуць увядзеньня новых санкцый з боку ЗША.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які выказваў аптымізм наконт магчымасьці дасягненьня міру ва Ўкраіне, напярэдадні заявіў, што ў выпадку адсутнасьці прагрэсу праз 1-2 тыдні ЗША могуць абраць іншую стратэгію.
Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джэй Ды Вэнс напярэдадні заявіў у інтэрвію Fox News, што ў той час як для Расеі ключавымі зьяўляюцца тэрытарыяльныя пытаньні, для Ўкраіны галоўнае — атрымаць гарантыі непаўтору расейскай агрэсіі. У гэтым сутнасьць пытаньня аб гарантыях бясьпекі, якое абмяркоўвалася ў тым ліку 18 жніўня ў Белым доме, дзе Дональд Трамп сустракаўся з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і лідэрамі эўрапейскіх краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украіна трэці раз пацэліла ў помпавую станцыю ва Ўнечы, Будапэшт заявіў аб спыненьні паставак нафты з РасеіВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.