У камандаваньні Паветраных сілаў Украіны паведамілі, што расейскія войскі атакавалі больш за 10 вобласьцяў краіны 574 дронамі і 40 балістычнымі і крылатымі ракетамі.
Сродкі супрацьпаветранай абароны змаглі зьбіць 546 бесьпілётнікаў і 31 ракету. Іншыя пацэлілі па 11 лякацыях.
Першы ўдар па Мукачаве і новыя ўдары па Львове, Луцку і Роўне
У Закарпацкай вобласьці ракета пацэліла ў мясцовае прадпрыемства. Яно загарэлася. Праз моцны чорны дым жыхароў просяць зачыніць вокны і без патрэбы не выходзіць на вуліцы. 15 чалавек атрымалі раненьні, два зь іх у цяжкім стане. Яшчэ ў двух раёнах вобласьці ў выніку пападаньня дронаў пашкоджаныя прыватныя дамы.
Міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга заявіў, што расейская ракета пацэліла ў прадпрыемства амэрыканскай кампаніі, якое вырабляла электроніку.
«Адна з ракет пацэліла ў вялікага амэрыканскага вытворцу электронікі ў нашым заходнім рэгіёне, што прывяло да сур’ёзных пашкоджаньняў і ахвяраў. Цалкам цывільны аб’ект, які ня мае нічога супольнага з абаронай ці вайскоўцамі. Ніякай вайсковай лёгікі ці неабходнасьці, толькі тэрор супраць людзей, бізнэсу і нармальнага жыцьця ў нашай краіне», — напісаў міністар на сваёй старонцы на плятформе Х.
У Львове адзін чалавек загінуў і тры атрымалі раненьні. У выніку выбуховай хвалі пашкоджаныя 26 жылых дамоў, дзіцячы садок і адміністрацыйныя будынкі аднаго прадпрыемства, а таксама судовай адміністрацыі.
Аб выбухах паведамлялі ў Луцку (цэнтар Валынскай вобласьці), а таксама ў Роўне і Дубне Ровенскай вобласьці. Улады пакуль не паведамляюць пра маштабы нападу — паветраную трывогу скасавалі ў пачатку 10-й раніцы.
Прадпрыемствы гарэлі на Днепрапятроўшчыне і Запарожжы
Паводле ўладаў Днепрапятроўскай вобласьці, ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі прынамсі тры раёны — Паўлаградзкі, Сінельнікаўскі і Нікапальскі. Папярэдне вядома, што адзін чалавек атрымаў раненьні. Сярод пашкоджаных аб’ектаў — жылыя дамы, гаспадарчыя памяшканьні, аўтамабілі, газаправод, лініі электраперадач і два прадпрыемствы. Улады не ўдакладняюць, якія прамысловыя аб’екты пацярпелі.
У Запароскай вобласьці расейскія войскі абстралялі 14 паселішчаў. Адзін чалавек паранены, адзін загінуў. Для нанясеньня ўдараў па цывільным сэктары Расея выкарыстала баявую авіяцыю, артылерыю і дроны.
Выбухі чулі ў Кіеве і Кіеўскай вобласьці, аднак улады пакуль не паведамляюць аб маштабах разбурэньняў.
У Сумскай вобласьці ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі 46 населеных пунктаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея пасьля перамоваў Пуціна і Трампа не спыняе абстрэлаў Ўкраіны. Найбольш пацярпелых у ХаркавеВа Ўкраіне паведамілі аб пацэльваньні па чыгунцы і НПЗ у Расеі
Шэраг украінскіх Telegram-каналаў паведамілі аб пацэльваньні дронамі па чыгунцы ў Варонескай вобласьці і па Навашахцінскім заводзе нафтапрадуктаў у Растоўскай вобласьці.
Губэрнатар Растоўскай вобласьці Юрый Сьлюсар пацьвердзіў толькі той факт, што ў ноч на 21 жніўня «ў Навашахцінску на адным з прамысловых прадпрыемстваў адбылося ўзгараньне». Паводле яго, дроны зьбівалі яшчэ над трыма населенымі пунктамі і чатырма раёнамі вобласьці. Папярэдне — без ахвярпў і параненых.
Паводле губэрнатара Варонескай вобласьці Аляксандра Гусева, у рэгіёне пацярпелі энэргетычныя аб’екты, праз пацэльваньні затрымалася некалькі цягнікоў. Без электрычнасьці засталіся некалькі паселішчаў. Аб загінулых і пацярпелых нічога не паведамляюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У анэксаваным Расеяй Крыме праз атаку Ўкраіны затрымліваюцца 11 цягнікоў, у Краснадарскім краі гарэў нафтаперапрацоўчы заводВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.