Мэрц анансаваў перамовы эўрапейскіх лідэраў аб Украіне з Трампам і Зяленскім

Фрыдрых Мэрц.

Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц анансаваў анлайн-перамовы з Дональдам Трампам і Ўладзімірам Зяленскім 13 жніўня — за два дні да заплянаванай сустрэчы Трампа і Ўладзіміра Пуціна на Алясцы, піша DW.

Паводле выданьня, перамовы ініцыяваў Фрыдрых Мэрц.

Чакаецца, што, акрамя Мэрца, Трампа і Зяленскага, у размове возьмуць удзел прэзыэнты і кіраўнікі ўрадаў Вялікай Брытаніі, Італіі, Польшчы, Фінляндыі і Францыі, а таксама старшыня Эўрапейскай камісіі Ўршуля фон дэр Ляен, старшыня Рады ЭЗ Антонію Кошта, генэральны сакратар NATO Марк Рутэ.

«У ходзе перамоваў, сярод іншага, будуць разгледжаныя далейшыя варыянты націску на Расею. Акрамя таго, будуць абмяркоўвацца падрыхтоўка магчымых мірных перамоваў і зьвязаныя з гэтым пытаньні тэрытарыяльных прэтэнзій і бясьпекі», — гаворыцца ў паведамленьні кабінэту міністраў Нямеччыны.

Перамовы пачнуцца ў 16:00 па менскім часе, удакладняе агенцтва Bloomberg са спасылкай на прадстаўніка Мэрца.

Сустрэча Пуціна і Трампа стане першай з моманту пераабраньня апошняга на другі тэрмін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дональд Трамп: сустрэча з прэзыдэнтам Расеі адбудзецца 15 жніўня на Алясцы