Памочнік прэзыдэнта Расеі ў галіне зьнешняй палітыкі Юрый Ушакоў заявіў, што Масква і Вашынгтон дамовіліся аб правядзеньні сустрэчы на найвышэйшым узроўні «найбліжэйшымі днямі». Цяпер праводзіцца падрыхтоўка саміту, месца ўжо выбрана, сказаў ён.
Пра магчымае правядзеньне сустрэчы Ўладзіміра Пуціна і прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа стала вядома ўчора пасьля перамоваў Пуціна з прадстаўніком прэзыдэнта ЗША Стывам Уіткафам. Амэрыканскія СМІ са спасылкай на крыніцы паведамлялі, што яна можа адбыцца ўжо на наступным тыдні. Афіцыйна гэта не пацьвярджалася.
Ушакоў кажа, што саміт адбудзецца па прапанове амэрыканскага боку. Амэрыканскія крыніцы напярэдадні паведамлялі, што сустрэчу Пуціна і Трампа прапануе Крэмль. Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё ў сераду ў інтэрвію Fox News сказаў, што перад самітам Вашынгтон і Масква павінны «амаль цалкам узгадніць пазыцыі».
Па словах Ушакова, Масква пакуль што не рыхтуецца да трайных перамоваў Пуціна з Трампам і з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Ён сьцьвярджае, што гэта было прапанавана Вашынгтонам. «Гэты варыянт канкрэтна не абмяркоўваўся. Расейскі бок гэты варыянт пакінуў зусім, цалкам без камэнтарыя», — сказаў дыплямат.
Што канкрэтна зьбіраюцца абмяркоўваць Трамп і Пуцін, пакуль афіцыйна не паведамлялася. Бакі таксама не раскрылі дэталяў сустрэчы Ўіткафа з Пуціным. У Крамлі заявілі, што размова была «карыснай і канструктыўнай» і Пуцін перадаў ЗША «некаторыя сыгналы па ўкраінскім пытаньні». Трамп ужо пасьля назваў сустрэчу Ўіткафа з Пуціным «высокапрадуктыўнай», дадаўшы, што «ўсе згодныя, што гэтая вайна павінна прыйсьці да завяршэньня, і мы зь нецярплівасьцю чакаем гэтага ў найбліжэйшыя дні і тыдні.
Bloomberg са спасылкай на крыніцы піша, што прэзыдэнт ЗША падчас тэлефоннай размовы зь лідэрамі шэрагу краін ЭЗ і прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім быў «настроены аптымістычна» па магчымасьці спыненьня агню ва Ўкраіне. Трамп таксама выказаў меркаваньне, што Пуцін будзе гатовы пачаць мірныя перамовы ў абмен на абмеркаваньне пытаньня аб абмене тэрыторыямі.
Пуцін, па дадзеных агенцтва, заявіў правы на ўкраінскі паўвостраў Крым, анэксаваны ў 2014 годзе, а таксама на Данецкую, Луганскую, Запароскую і Херсонскую вобласьці Украіны, часткі якіх акупавала расейскае войска. Ніводная з гэтых чатырох абласьцей не кантралюецца поўнасьцю Расеяй. Раней ЗША, як сьцьвярджаецца, прапаноўвалі Расеі прызнаць Крым расейскім і фактычна саступіць кантроль «над часткамі іншых украінскіх рэгіёнаў», а кантроль над раёнамі Запароскай і Херсонскай абласьцей вярнуць Украіне.
Польскае мэдыя Onet сьцьвярджае, што Ўіткаф абмяркоўваў з Пуціным прапанову ЗША аб спыненьні агню, узгодненую з лідэрамі эўрапейскіх краін. Паводле зьвестак выданьня, Масква атрымала «вельмі выгадную прапанову» ад адміністрацыі Трампа, якая ўключае: пагадненьне аб спыненьні агню, а ня мір з Украінай; прызнаньне захопленых Расеяй тэрыторый (рашэньне будзе адкладзена «на 49 або 99 гадоў»); а таксама зьняцьце большасьці санкцый.
Пры гэтым у пакеце, як сьцьвярджаецца, адсутнічаюць гарантыі непашырэньня NATO і спыненьня вайсковай падтрымкі Ўкраіне.
Улады ЗША, Украіны і Расеі пакуль не камэнтавалі інфармацыю СМІ і не пацьвярджалі яе. Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё раней заявіў, што «ключавымі элемэнтамі любога заканчэньня вайны будуць тэрытарыяльныя пытаньні». «Ёсьць тэрыторыі, якія Расея захапіла і якія яна цяпер кантралюе, у тым ліку Крым, — сказаў ён. — Павінны быць саступкі з боку расейцаў і, вядома, саступкі з боку ўкраінцаў. Так што гэта складана».