Зяленскі пракамэнтаваў заявы Пуціна на Валааме

Ўладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на сустрэчы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам на Валааме заявіў, што «ў цэлым станоўча» ацэньвае перамовы з Украінай у Стамбуле.

«Як можна не станоўча ацэньваць тое, што сотні людзей вярнуліся на радзіму. Мы з гуманітарных меркаваньняў перадалі тысячы цел загінуўшых украінскіх салдат, атрымалі ў адказ некалькі дзясяткаў нашых», — сказаў Пуцін. На яго думку, расчараваньні ў перамовах «узьнікаюць ад залішніх чаканьняў».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прапанаваў Расеі «перайсьці ад абмену заявамі і сустрэч на тэхнічным узроўні да ўзроўню размовы лідэраў». «Амэрыка гэта прапаноўвала. Украіна гэта падтрымлівала. Патрэбна гатоўнасьць Расеі», — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.

Зяленскі дадаў, што Кіеў падтрымлівае намаганьні Трампа па дасягненьні міру і «чуе заявы з Расеі». «Калі гэта сыгнал аб іх сур’ёзнай гатоўнасьці скончыць вайну годна і ўсталяваць сапраўды працяглы мір, а ня проста спробы выйграць яшчэ час для вайны і адтэрміноўку санкцый, то Ўкраіна яшчэ раз пацьвярджае сваю гатоўнасьць да сустрэчы на ўзроўні лідэраў у любы час», — заявіў украінскі прэзыдэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка і Пуцін на Валааме згадалі вайну ва Ўкраіне, ультыматум Трампа, дрон, які ўпаў у Менску

Пуцін таксама абвінаваціў Украіну ў завышэньні колькасьці дзяцей, вывезеных у Расею. Падчас другога раўнду перамоваў у Стамбуле ўкраінская дэлегацыя перадала расейскай сьпіс украінскіх дзяцей, вывезеных з тэрыторыі Ўкраіны або ўтрымваных у кантраляваных Расеяй рэгіёнах. У сьпісе былі сотні імёнаў.

Раней «Вёрстка» і «Важныя истории» пісалі, што сотні дзяцей, якіх вывезьлі з Данбасу ў Расею, захрасьлі ў расейскай сірочай сыстэме. Журналісты знайшлі ў фэдэральнай сірочай базе 285 анкет такіх дзяцей і пацьвердзілі асобу кожнага дзіцяці.

Прэзыдэнт Расеі таксама ўсьлед за Міністэрствам абароны паведаміў аб узяцьці гораду Часаў Яр Данецкай вобласьці. «Мы ўжо чулі, што гэта не адпавядае рэчаіснасьці — я магу вас запэўніць, што гэта цалкам адпавядае рэчаіснасьці», — сказаў Пуцін.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі напярэдадні назваў дэзінфармацыяй паведамленьне Мінабароны Расеі аб узяцьці гораду. На мапе ўкраінскага праекту DeepState, які адсочвае зьмены лініі фронту, значная частка тэрыторыі гораду пазначаная як «шэрая зона» без устойлівага кантролю аднаго з бакоў. Частка гораду пад кантролем Расеі.

Акрамя таго, на сустрэчы з Лукашэнкам Пуцін аб’явіў, што ў Расеі вырабілі першы сэрыйны комплекс «Арэшнік» і ўжо паставілі яго ў войскі, а таксама плянуюць перадаць «Арэшнік» у Беларусь. Пацьвярджэньня гэтай інфармацыі няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

59 кіляграмаў выбухоўкі? Экспэрты абвяргаюць словы Лукашэнкі пра дрон, які ўпаў у Менску