«Аэрофлот» зноў скасаваў рэйсы ў Менск, на расейскай чыгунцы праблемы з рухам цягнікоў — праз атаку дронамі

Нацыянальны аэрапорт «Менск». Ілюстрацыйнае фота

Затрымліваюцца пасажырскія цягнікі ў Расеі.

Расейская авіякампанія «Аэрофлот» скасавала 21 ліпеня тры рэйсы з аэрапорту Шарамецьева ў Менск.

Як вынікае з афіцыйнага сайту Нацыянальнага аэрапорту «Менск», адпаведна скасаваныя і тры зваротныя рэйсы зь Менску ў Маскву.

Апроч таго, затрымліваюцца рэйсы з Масквы, якія мелі прыбыць у Менск а 01.45 і 10.40.

Яшчэ адна расейская авіякампанія «Победа» працягвае ажыцьцяўляць палёты ў Менск і назад, у Маскву і Санкт-Пецярбург.

Беларуская Belavia таксама не скасоўвала рэйсаў у Маскву і назад у Менск.

Расейская чыгунка паведаміла, што праз атаку дронамі ў Растоўскай вобласьці затрымліваюцца больш за 50 пасажырскіх цягнікоў. Згодна з афіцыйным паведамленьнем, праз падзеньне аскепкаў зьбітых дронаў на станцыі Каменаломні быў пажар, у выніку якога адбыўся збой у графіку руху цягнікоў.

Беларуская чыгунка не паведамляе ні пра якія надзвычайныя выпадкі ў руху цягнікоў зь Беларусі.

Апошні раз расейская авіякампанія скасоўвала свае рэйсы 20 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі праз атакі ўкраінскіх дронаў затрымалі вылет амаль 2000 рэйсаў, частку зь іх скасавалі, у тым ліку ў Менск

У Расеі заявілі пра ўкраінскую атаку дронамі

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што ў ноч на 21 ліпеня дзяжурныя сродкі СПА перахапілі і зьнішчылі 74 украінскія бесьпілётнікі.

Паведамляюць, што 23 дроны зьбілі над Маскоўскай вобласьцю, 14 — над Курскай, 12 — над Растоўскай, па 10 — над Бранскай і Калускай, 4 — над Тульскай і адзін — над Ліпецкай вобласьцямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейская авіякампанія «Аэрофлот» скасавала два рэйсы ў Менск


Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.