Трамп таксама заявіў, што ўвядзе высокае мыта супраць Расеі, калі мірнае пагадненьне ня будзе дасягнутае на працягу «50 дзён».
«Я расчараваны» ў Пуціне», — заявіў Трамп.
Тарыфы будуць «вельмі жорсткімі», сказаў прэзыдэнт ЗША. Гэта мыта для краін, якія дапамагаюць Расеі. Трамп згадаў пра магчымую стаўку мыта у 100%.
Па словах прэзыдэнта ЗША, ён разьлічвае на дасягненьне дамоўленасьцей. Трамп назваў гандаль добрай прыладай для таго, каб спыняць войны.
Таксама Трамп анансаваў пагадненьне з NATO, «па якім мы будзем пастаўляць ім зброю, а яны будуць за гэта плаціць».
Каардынацыяй паставак амэрыканскай зброі Ўкраіне будзе займацца NATO, падкрэсьліў Трамп. "Мы будзем вырабляць узбраеньне, але плаціць за яго будуць яны, ня мы", — сказаў прэзыдэнт ЗША, маючы на ўвазе краіны Эўразьвязу.
Пра якую менавіта зброю ідзе гаворка, ён не ўдакладніў. Раней ён згадваў аб магчымасьці адпраўкі Ўкраіне дадатковых сыстэм СПА Patriot. Прэзідэнт ЗША сказаў, што размова можа ісці аб адпраўцы да 17 такіх сыстэм. Па адкрытых дадзеных, Украіне на дадзены момант было пастаўлена ня менш за 7 установак Patriot.
Раней СМІ пісалі і аб тым, што разглядаецца магчымасьць паставак дальнабойных ракет.
Генэральны сакратар NATO Марк Рютэ, камэнтуючы заяву Трампа, сказаў:
«Гэта сапраўды сур’ёзна. Калі б я быў Пуціным... я б ставіўся да перамоваў больш сур’ёзна [пасьля гэтай заявы]».
Падчас размовы прэзыдэнт ЗША зноў падкрэсьліў, што незадаволены дзеяньнямі Расеі ў адносінах да Ўкраіны. Ён зазначыў, што разьлічваў на падпісаньне мірнага пагадненьня яшчэ два месяцы таму. Яшчэ ў красавіку Ўкраіна пагадзілася на спыненьне агню без папярэдніх умоў, аднак расейскія ўлады фактычна адпрэчылі гэтую прапанову, прапанаваўшы замест гэтага правесьці перамовы без спыненьня баявых дзеяньняў. Два раўнды перамоваў у Стамбуле прынесьлі дамоўленасьці аб абменах палоннымі і целамі загінулых, але не аб спыненьні агню. Невядома, калі адбудзецца новы раунд і ці адбудзецца ён увогуле.
Трамп зноў паўтарыў сваю тэзу аб тым, што Ўладзімір Пуцін вядзе зь ім «прыемныя размовы» па тэлефоне, але пасьля іх адразу ж «ляцяць ракеты на Кіеў». Па словах Трампа, бясплодныя размовы павінны скончыцца, а пачацца рэальныя справы. Пры гэтым прэзыдэнт ЗША выказаў меркаваньне, што Пуцін разумее, што такое «сумленная зьдзелка», у яго не атрымаецца падмануць прэзыдэнта ЗША, і мірнае пагадненьне ўсё ж будзе заключанае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прэзыдэнт Украіны пасьля сустрэчы са спэцпрадстаўніком прэзыдэнта ЗША Келагам анансаваў узмацненьне ўкраінскай СПААбяцаньне адправіць Украіне дадатковыя комплексы СПА Patriot сьведчыць аб зьмене палітыкі, які супадае з заявай Трампа адносна падыходу Вашынгтону да Расеі.
Кіеў даўно прасіў аб прадстаўленьні сыстэм, якія ён лічыць крытычна важнымі для абароны сваіх гарадоў ад расейскіх авіяўдараў, якія Масква ўзмацніла ў апошнія тыдні.
Раней у гэтым месяцы адміністрацыя Трамп абвясьціла аб спыненьні некаторых паставак узбраеньняў Кіеву.
Аднак Трамп, які размаўляў з Пуціным па тэлефоне ня менш за шэсьць разоў з моманту ўступленьня на пасаду, з тых часоў выказвае растучае расчараваньне адмовай Пуціна пагадзіцца на спыненьне агню.
«Мы атрымліваем шмат лухты ад Пуціна. У большасьці выпадкаў гэта вельмі міла, але бессэнсоўна», — заявіў Трамп 8 ліпеня.
Больш рэзкая крытыка Трампа на адрас Пуціна адметная тым, што ён мае шмат пазытыўных і пахвальных выказваньняў пра расейскага лідэра. Трамп называў яго «разумным» і летась заявіў, што ў яго «вельмі добрыя адносіны» з Пуціным.
На мінулым тыдні Трамп ізноў адкрыта раскрытыкаваў Маскву.
«Я расчараваны ў Расеі, але паглядзім, што адбудзецца ў найбліжэйшыя пару тыдняў», — сказаў ён у інтэрвію NBC News.
Злучаныя Штаты паставілі ва Ўкраіну тры батарэі ракет Patriot, усё гэта пры адміністрацыі прэзыдэнта Джо Байдэна. Patriot — адна з самых перадавых сыстэм СПА ў сьвеце, здольная перахопліваць балістычныя і крылатыя ракеты.
Украіна таксама атрымала яшчэ чатыры батарэі Patriot: тры ад Нямеччыны і адну ад групы эўрапейскіх краін.
Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мерц ня выключыў магчымасьці пакупкі Бэрлінам Patriot у Вашынгтона і наступнай пастаўкі іх Кіеву.
Рутэ заявіў, што такія краіны, як Нямеччына, Фінляндыя, Канада, Нарвэгія, Швецыя, Вялікая Брытанія і Данія, заявілі аб намеры закупіць зброю ў рамках новага мэханізму паставак ва Ўкраіну.
Ён сказаў, што «хуткасьць тут мае вырашальнае значэньне», і выказаў надзею, што пастаўкі прымусяць Пуціна «перагледзець» мірныя перамовы.
Падчас свайго двухдзённага візыту ў ЗША Рутэ таксама плянуе сустрэцца з дзяржсакратаром Марка Рубіё, міністрам абароны Пітам Хэгсэтам і членамі Кангрэсу.
Адзін з самых верных саюзьнікаў Трампа, сэнатар Ліндсі Грэм, падтрымаў рашэньне Трампа павялічыць пастаўкі зброі Кіеву, заявіўшы, што «ў найбліжэйшыя дні мы ўбачым рэкордныя пастаўкі зброі, каб дапамагчы Ўкраіне абараніць сябе».
«Адзін з самых вялікіх пралікаў Пуціна — гэта гульня з Трампам. І вось убачыце, у набліжэйшыя дні і тыдні будуць зробленыя маштабныя намаганьні, каб пасадзіць Пуціна за стол перамоваў», — заявіў Грэм у інтэрвію CBS News 13 ліпеня.
«Гэта сапраўдны кавальскі молат, які мае прэзыдэнт Трамп, каб пакласьці канец гэтай вайне», — сказаў ён.
Сэнатар Рычард Блюменталь, які прысутнічаў разам з Грэмам падчас інтэрвію CBS, заявіў, што ў Кангрэсе і сярод эўрапейскіх саюзьнікаў таксама расьце двухпартыйны кансэнсус адносна выкарыстаньня часткі расейскіх актываў на суму 300 мільярдаў даляраў, замарожаных краінамі «Вялікай сямёркі», для дапамогі Кіеву.
«Пара гэта зрабіць», — сказаў Блюменталь.
Сёлета Расея ўзмацніла свае ракетныя і бесьпілётныя атакі, колькасьць якіх павялічваецца з кожным месяцам, пачынаючы са сьнежня, і ў апошнія тыдні ўзмацніла абстрэлы Кіева і іншых гарадоў, адначасова прасоўваючыся на перадавую, хоць і зь вялізнымі стратамі сярод сваіх войскаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.