БМЗ пад ціскам заходніх санкцыяў і кітайскіх канкурэнтаў спыніў вытворчасьць асобных відаў прадукцыі

У цэху БМЗ. Архіўнае фота

Беларускі мэталюргічны завод (БМЗ) прыпыніў «вытворчасьць некаторых відаў прадукцыі, каб не працаваць стратна».

Пра гэта заявіў намесьнік генэральнага дырэктара ў тэхналёгіях і якасьці Сяргей Цярлецкі на сустрэчы з работнікамі электрасталеплавільнага цэху № 1.

«Да канца першага паўгодзьдзя БМЗ выпусьціў крыху менш за 1 мільён тон сталі. Так, было больш, але ў сёньняшніх рэаліях гэта добры паказьнік», — заявіў Цярлецкі, якога цытуе «Позірк».

«У мінулым месяцы кіраўніцтва кампаніі некалькі разоў на сустрэчах з пэрсаналам згадвала пра цяжкасьці ў сувязі з санкцыйнымі абмежаваньнямі і вонкавым асяродзьдзем. Так, паводле інфармацыі прэс-службы ад 26 чэрвеня, генэральны дырэктар Дзьмітры Корчык заявіў, што «пачатак году быў складаным, у першую чаргу з прычыны зьніжэньня цэнаў на мэталюргічную прадукцыю на сусьветным рынку».

Корчык зьвязаў складаную сытуацыю з тым, што на расейскі рынак выйшлі кітайскія вытворцы аўтамабіляў, якія «маюць свае шыны». Праз падзеньне экспарту корду «на заводзе ідзе працэс аптымізацыі пэрсаналу», — сказаў генэральны дырэктар.

«Тэндэнцыю да зьніжэньня замоваў на вытворчасьць мэталаканструкцыяў» у Расеі адзначыў і намесьнік генэральнага дырэктара Ігар Чарняўскі, які адказвае за гэты кірунак :

«Ранейшае спажываньне шын зьменшылася, адпаведна зьменшылася і спажываньне мэталакорду. Акрамя таго, на гэтым рынку вялікая канкурэнцыя з боку кітайскіх вытворцаў шын, якія актыўна дэмпінгуюць цэны».

У студзені асацыяцыя былых сілавікоў BelPol назвала БМЗ адным са зьвёнаў у ланцугу масавай вытворчасьці ў Беларусі снарадаў для расейскай арміі.

  • БМЗ працуе з 1984 году ў Жлобіне (Гомельская вобласьць).
  • Ён аб’ядноўвае чатыры вытворчасьці: сталеліцейную, пракатную, трубную і мэталаапрацоўчую.
  • Завод — кіроўная арганізацыя холдынгу «Беларуская мэталюргічная кампанія», які кантралюе дзяржава.
  • Завод пад санкцыямі Эўрапейскага Зьвязу, ЗША, Украіны і іншых краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На БМЗ прызналі, што завод зьнізіў аб’ёмы вытворчасьці праз наступствы санкцыяў і цэны на сусьветным рынку