У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі аб пападаньні баявымі бесьпілётнікамі ў прадпрыемства АТ «ФНПЦ „Навукова-дасьледчы інстытут прыкладной хіміі“» ў Сергіевым Пасадзе Маскоўскай вобласьці.
Паводле ўкраінскага Генэральнага штабу, на гэтым прадпрыемстве вырабляюць, сярод іншага, тэрмабарычныя баявыя часткі для бесьпілётнікаў тыпу Shahed.
«Пацьверджана дасягненьне нашымі сродкамі паражэньня беспасярэдняй цэлі. Зафіксавалі пажар і моцнае задымленьне ў раёне аб’екту», — адзначаецца ў паведамленьні Генэральнага штабу Ўкраіны.
Губэрнатар Маскоўскай вобласьці Андрэй Вараб’ёў паведаміў аб падзеньні ў Сергіева-Пасадзкай акрузе чатырох бесьпілётнікаў. Аднак ён не назваў аб’екту, у які пацэлілі дроны ці іхныя аскепкі. Паводле яго, пацярпелі два чалавекі, іх шпіталізавалі з раненьнямі сярэдняй цяжкасьці.
Як вынікае з паведамленьня маскоўскага губэрнатара, бесьпілётнікі пашкодзілі і электралініі. «На ўсіх месцах падзеньня дронаў працягваюць працаваць апэратыўныя службы. Энэргетыкі займаюцца аднаўленьнем электразабесьпячэньня», — адзначыў Андрэй Вараб’ёў.
Адметна, што ў Міністэрстве абароны Расеі ўвогуле ня згадваюць Маскоўскую вобласьць сярод тых рэгіёнаў, дзе ў ноч на 4 ліпеня і раніцай зьбівалі ўкраінскія бесьпілётнікі.
Згодна з паведамленьнем ведамства, уначы сродкі расейскай СПА «зьнішчылі і перахапілі» 48 украінскіх дронаў над Растоўскай, Курскай, Белгарадзкай, Арлоўскай і Ліпецкай вобласьцямі. І раніцай яшчэ 6 — над тэрыторыяй Удмурціі, а таксама Белгарадзкай і Самарскай вобласьцяў.