У Паветраных сілах Украіны паведамілі, што ў ноч на 4 ліпеня расейскія войскі учынілі адзін з найбольш магутных удараў па Ўкраіне.
Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, Расея запусьціла на мірныя гарады Ўкраіны 539 ударных дронаў і 11 ракет.
Асноўным кірункам атакі стала сталіца Ўкраіны.
У Кіеве адзін чалавек загінуў, дзясяткі параненых
Кіеўскія гарадзкія ўлады паведамілі, што ў выніку расейскай атакі пацярпелі пяць раёнаў сталіцы. У выніку пацэльваньня дронаў і іх аскепкаў пашкоджаныя аб’екты цывільнай інфраструктуры, жылыя дамы і гарадзкая чыгунка. Пацярпелі 26 чалавекі, 14 зь іх — у шпіталях, адзін чалавек загінуў.
Мэр Кіева Віталь Клічко заявіў, што абстрэламі пашкоджаныя 5 аўтамабіляў хуткай дапамогі, якія выяжджалі на выклікі пацярпелых мірных жыхароў. Папярэдне сярод мэдыкаў ахвяраў і параненых няма.
Пацярпелі таксама і найбліжэйшыя да Кіева Бучанскі і Фастаўскі раёны, у якіх пашкоджаныя шматпавярховыя жылыя дамы. Пакуль інфармацыі аб пацярпелых няма.
На Херсоншчыне ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі 43 паселішчы
Улады Херсонскай вобласьці паведамілі, што ў ноч на 4 ліпеня расейскія войскі абстралялі 43 населены пункт, у тым ліку абласны цэнтар.
Расейцы наносілі ўдары па крытычнай і сацыяльнай інфраструктуры: пашкоджаньныя 12 прыватных дамоў, легкавыя аўтамабілі і машына хуткай дапамогі.
Адзін чалавек загінуў, чатыры атрымалі раненьні.
Расейскія войскі не спыняюць напады на памежныя рэгіёны Украіны — Харкаўшчыну і Сумшчыну, дзе таксама, паводле папярэдніх ацэнак, больш за 10 параненых.