У Сухаземных войсках УСУ, у структуру якіх уваходзяць тэрытарыяльныя цэнтры камплектаваньня і сацыяльнай падтрымкі (ТЦКіСП, былыя вайсковыя камісарыяты. — РС), пацьвердзілі ўдар па будынку Палтаўскага ТЦКіСП.
«Сёньня, 3 ліпеня, каля 9:00 вораг нанёс удар па горадзе Палтаве. У выніку аднаго з пападаньняў узьнік пажар у будынку Палтаўскага аб’яднанага гарадзкога ТЦКіСП», — гаворыцца ў паведамленьні Сухаземных войскаў УСУ.
Кіраўнік Палтаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Ўладзімір Когут апублікаваў інфармацыю аб стратах сярод цывільных.
«Паводле папярэдняй інфармацыі, на жаль, загінулі два чалавекі, 11 параненыя. На месцы разгорнуты штаб для ліквідацыі надзвычайных сытуацыяў.
Когут дадаў, што «ў выніку ўдару ўзьнік пажар на месцы здарэньня, пашкоджаная цывільная інфраструктура».
Расейскія вайскоўцы рэгулярна рознымі відамі ўзбраеньня — ударнымі дронамі, ракетамі, кіраванымі авіябомбамі, ракетнымі сыстэмамі залпавага агню — атакуюць украінскія рэгіёны.
Расея ў ноч на 3 ліпеня атакавала Ўкраіну больш чым 50 дронамі.
У Адэсе ў выніку пападаньня расейскага дрона ў шматпавярховы дом пацярпелі шэсьць чалавек, у тым ліку двое дзяцей. Як паведаміў кіраўнік Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Алег Кіпер, 6 кватэраў цалкам зьнішчаныя, яшчэ 36 часткова пашкоджаныя. Пажар змаглі хутка патушыць.
Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейская армія падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы цывільнае насельніцтва і разбураючы бальніцы, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.