«Міністэрства пільна аналізуе і карэктуе свой падыход, [...], захоўваючы баяздольнасьць арміі ЗША і прыярытэты абароны. Мы ня будзем паведамляць, колькі менавіта зброі і якіх відаў мы перадаём Украіне і калі менавіта гэта адбываецца. Але міністар абароны прадоўжыць даваць прэзыдэнту рэкамэндацыі для ўхваленьня рашэньняў аб далейшай вайсковай дапамозе Ўкраіне», — сказаў Шон Парнэл 2 ліпеня.
У той жа час ён не ўдакладніў, перадачу якой зброі перагледзяць і якіх краін гэта будзе датычыць.
Прадстаўніца Дзяржўнага дэпартамэнту ЗША Тэмі Брус на брыфінгу ў Вашынгтоне таксама заявіла, што ЗША не спынялі пастаўку ўсёй вайсковай дапамогі, а абмежаваньні закранулі толькі некаторыя тыпы ракет.
«Мы не спынялі адпраўку зброі ва Ўкраіну», — сказала Тэмі Брус.
Паводле яе, Міністэрства абароны ХША мае шмат «надзейных варыянтаў» дапамогі Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ЗША прыпынілі пастаўкі некаторых узбраеньняў Кіеву2 ліпеня прэсавая сакратарка Белага дому Анна Келі паведаміла, што Злучаныя Штаты Амэрыкі часткова прыпыняюць пастаўкі зброі, раней абяцанай Украіне для выкарыстаньня ў вайне з Расеяй. Паводле яе, такое рашэньне было ўхваленае пасьля таго, як Пэнтагон выявіў занадта вялікае скарачэньне амэрыканскіх запасаў.
Пасьля гэтай заявы Кіеў запытаў тэлефонныя перамовы з ЗША. Міністэрства абароны Ўкраіны падкрэсьліла, што ўкраінскія ўлады не атрымлівалі афіцыйных паведамленьняў «аб прыпыненьні або пераглядзе графікаў паставак узгодненай абароннай дапамогі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кіеў запытаў перамовы з ЗША пасьля паведамленьняў аб скарачэньні паставак узбраеньняўРаней амэрыканскія мэдыя з спасылкай на крыніцы паведамілі, што ЗША прыпынілі пастаўкі Ўкраіне шэрагу ўзбраеньняў, у тым ліку дзясяткі ракет для сыстэмаў СПА Patriot. Прычынай сталі засьцярогі што да зьмяншэньня ўласных вайсковых запасаў.
Паводле крыніц Politico і іншых амэрыканскіх мэдыя, могуць быць прыпыненыя пастаўкі:
- ракет-перахопнікаў для сыстэмаў супрацьпаветранай абароны Patriot,
- снарадаў для гаўбіц,
- ракет Hellfire,
- ракет «паветра-паветра».
Раней стала вядома, што ЗША замест пастаўкі ва Ўкраіну перакінулі каля 20 тысяч зэнітных ракет меншага калібру на Блізкі Ўсход.
Злучаныя Штаты паставілі Ўкраіне зброі і вайсковай дапамогі на больш як 66 мільярдаў даляраў ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.