Кіеў запытаў перамовы з ЗША пасьля паведамленьняў аб скарачэньні паставак узбраеньняў

Архіўнае фота старту ракеты СПА Patriot.

Кіеў запытаў тэлефонныя перамовы з ЗША пасьля паведамленьняў аб магчымым прыпыненьні паставак узбраеньняў. Аб гэтым паведаміла Міністэрства абароны Ўкраіны.

Ведамства падкрэсьліла, што Кіеў не атрымліваў афіцыйных паведамленьняў «аб прыпыненьні або пераглядзе графікаў паставак узгодненай абароннай дапамогі.

«Крытычна важна забясьпечваць устойлівасьць, бесьперапыннасьць і прадказальнасьць у прадстаўленьні ўзгодненай абароннай дапамогі — асабліва ў сфэры ўмацаваньня супрацьпаветранай абароны», — гаворыцца ў паведамленьні.

Акрамя таго, МЗС Украіны выклікала часовага паверанага ў справах ЗША ў Кіеве Джона Гінкеля. Галоўнай тэмай абмеркаваньня была вайсковая дапамога Вашынгтона на фоне расейскай ваеннай агрэсіі, якая працягваецца.

Раней амэрыканскія СМІ са спасылкай на крыніцы паведамілі, што ЗША прыпынілі пастаўкі для Ўкраіны шэрагу ўзбраеньняў, у тым ліку дзясяткі ракет для сыстэм СПА Patriot. Прычынай сталі засьцярогі адносна зьніжэньня ўласных вайсковых запасаў.

Паводле крыніц Politico і іншых амэрыканскіх мэдыя, могуць быць прыпыненыя пастаўкі:

  • ракет-перахопнікаў для сыстэмаў супрацьпаветранай абароны Patriot,
  • снарадаў для гаўбіц,
  • ракет Hellfire,
  • ракет «паветра-паветра».

Раней стала вядома, што ЗША замест пастаўкі ва Ўкраіну перакінулі каля 20 тысяч зэнітных ракет меншага калібру на Блізкі Ўсход.

Злучаныя Штаты паставілі Ўкраіне зброі і вайсковай дапамогі на больш як 66 мільярдаў даляраў ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі.

Цяпер яны хочуць, каб сыстэмы супрацьпаветранай абароны і іншае абсталяваньне Ўкраіне перадавалі эўрапейскія саюзьнікі. Але многія неахвотна адмаўляюцца ад сваіх высокатэхналягічных сыстэмаў, асабліва краіны Ўсходняй Эўропы, якія таксама адчуваюць пагрозу з боку Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША прыпынілі пастаўкі некаторых узбраеньняў Кіеву