У ноч на 19 чэрвеня расейскія войскі нанесьлі ўдар па некалькіх вобласьцях Украіны. Зноў ёсьць ахвяры сярод цывільных, але Пуцін зноў аспрэчыў інфармацыю, што Расея абстрэльвае мірнае насельніцтва.
У Нікапальскім раёне Днепрапятроўскай вобласьці пацярпелі пяць чалавек.
Як паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі Сяргей Лысак, расейскія войскі атакавалі Нікапальскі раён артылерыяй і баявымі дронамі. У выніку пацярпелі пяць чалавек, прыватны дом і інфраструктура. Адзін паранены неўзабаве памёр у лякарні.
Згодна з інфармацыяй Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны, у ноч на 19 чэрвеня ад абстрэлаў таксама пацярпелі Херсонская вобласьць, дзе 9 чалавек атрымалі раненьні, і Данецкая — раненьні атрымалі 13 мірных жыхароў.
У офісе генэральнага пракурора Ўкраіны паведамілі аб завяршэньні пошукавай апэрацыі ў Кіеве на месцы часткова зьнішчанага расейскімі войскамі шматпавярховага жылога дому.
Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, у выніку расейскай атакі 17 чэрвеня ў Кіеве загінулі 28 чалавек (23 асобы жылі ў кватэрах зьнішчанага пад’езду шматпавярховіка) і больш за 140 атрымалі раненьні.
Найстарэйшай загінулай быў 91 год, а наймаладзейшай ахвяры — 22 гады.
Шок і гора. Расейскі ўдар па гарадах Украіны ў ноч на 17 чэрвеня
Пуцін: «Удар быў па вайсковых аб’ектах»
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на сустрэчы з кіраўнікамі замежных інфармацыйных агенцтваў заявіў, што расейскія войскі «не наносяць удараў па жылых кварталах».
«Удар быў не па жылых кварталах, а па аб’ектах абаронна-прамысловага комплексу, па заводах, якія вырабляюць вайсковую тэхніку. Мы гэтым і займаемся. Тут мы ня робім ніякага сакрэту. Адна з мэтаў спэцыяльнай ваеннай апэрацыі — гэта дэмілітарызацыя Ўкраіны», — заявіў Пуцін.
Расейскія войскі рэгулярна абстрэльваюць Украіну з розных відаў узбраеньня — ударнымі дронамі, ракетамі, кіраванымі авіябомбамі.
Кіраўніцтва Расеі зьняпраўджвае тое, што расейская армія наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры і мірным насельніцтве.
Украінская ўлада і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і пераконваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.