Трамп пра ўдары ЗША па Іране: «Я магу гэта зрабіць, магу і не зрабіць»

Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША ня выключыў магчымасьці беспасярэдняга канфлікту з Тэгеранам.

«Я магу гэта зрабіць, магу і не зрабіць. Ніхто ня ведае, што я зьбіраюся рабіць», — заявіў Дональд Трамп, адказваючы на пытаньне журналістаў, ці нанясуць ЗША ўдар па іранскіх ядзерных аб’ектах.

13 чэрвеня Ізраіль пачаў апэрацыю «Народ як леў» супраць ядзернай і абароннай інфраструктуры Ірану. У адказ іранскія вайскоўцы нанесьлі ўдары па ізраільскай тэрыторыі.

Паводле парталу Axios, Трамп «сур’ёзна разглядае» магчымасьць нападу на ядзерныя аб’екты Ірану. Амэрыканскія мэдыя паведамілі, што на нарадзе ў Сытуацыйным пакоі Белага дому прэзыдэнт схіляўся да далучэньня да ізраільскай апэрацыі, але канчаткова Вашынгтон ня вызначыўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ізраіль ударыў па вайсковым унівэрсытэце у Тэгеране і заводзе цэнтрыфуг. Іран выпусьціў на Ізраіль каля 25 ракет

Як перадае ABC News 18 чэрвеня з спасылкай на крыніцы ў адміністрацыі ЗША, рашэньне аб удзеле ў апэрацыі могуць прыняць цягам двух дзён.

Паводле інфармацыі The New York Times, у выпадку ўдзелу ЗША ў апэрацыі Тэгеран можа нанесьці ракетныя ўдары па амэрыканскіх базах на Блізкім Усходзе. Таксама не выключаецца, што Іран замінуе Армускую пратоку, каб заблякаваць рух амэрыканскіх караблёў у Пэрсыдзкай затоцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп заявіў, што параіў Пуціну заняцца Расеяй замест прапановаў урэгуляваць канфлікт на Блізкім Усходзе


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп паўтарыў патрабаваньне пра поўную капітуляцыю Ірану