Пра тое, зь якімі цяжкасьцямі ў легалізацыі ва Ўкраіне сутыкаюцца беларускія і расейскія добраахвотнікі, апавядае ў сваім відэасюжэце «Настоящее время».
«Тут на галаве ірванула, разбурыла ўсё. Тут пласьціна. Яшчэ адзін аскепак у лёгкіх. Яго ніхто не дастае», — зь цяжкасьцю падбірае Андрэй Дударэнка ўкраінскія словы на чарговым мэдычным абсьледаваньні пасьля атрыманага раненьня.
Мужчына раз-пораз пераходзіць то на суржык, то на расейскую. Ён расеец.
З Расеі зьехаў яшчэ да 2022 году, жыў і працаваў у Мікалаеве. А калі пачалося поўнамаштабнае ўварваньне — пайшоў добраахвотнікам ва ўкраінскае войска.
«Сястра мне сказала: ты глядзі ўважліва ў аптычны прыцэл, можа, убачыш кагосьці знаёмага або роднага. Я папярэдзіў усіх, што літасьці ня будзе. Мой першы камбат Куцын Алег Іванавіч, камандзір Карпацкай сечы, казаў: ты адзіны маскаль, зь якім мне падабаецца служыць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі: Расея з пачатку чэрвеня атакавала Ўкраіну амаль 3 тысячамі дронаўАндрэй ваяваў у Харкаўскай і Данецкай вобласьцях. Раненьне атрымаў у Салядары, у баі з вагнэраўцамі.
«Ні ўспышкі, ні болю. Толькі ногі нада мной. Раненьне было — граната на галаве ірванула. А плячо, напэўна, было зламана, калі было раненьне», — успамінае вайсковец Узброеных сілаў Украіны (УСУ).
З гэтага моманту пачалося ягонае выпрабаваньне на ўкраінскі патрыятызм. Расейскага пашпарта ў Андрэя ўжо няма, замежны пашпарт пратэрмінаваны. Ва Ўкраіне ён жыве з дазволам на жыхарства і вайсковым білетам.
Паводле ўкраінскіх законаў, расеец з кантрактам УСУ і ўзнагародамі за службу можа атрымаць украінскае грамадзянства. Андрэй падаў дакумэнты.
Ня гэтак даўно валянтэры прапанавалі Андрэю лячэньне і рэабілітацыю ў Чэхіі. І пачалі высьвятляць, як гэта арганізаваць. У выніку высьветлілі, што ніводнае аддзяленьне міграцыйнай службы не атрымала дакумэнтаў Дударэнкі: ні ўзнагародных дакумэнтаў, ні загадаў аб звальненьні, ні кантракту з УСУ.
«Сутыкнуліся з тым, што мы яго ўвогуле ня можам вывезьці. Пашпарта няма, а бяз пашпарта — ніяк. Гэтыя людзі як у клетцы. Мы зараз не разумеем, што зрабіць, каб яму дапамагчы, каб прынялі ягоную заяву на грамадзянства», — кажа адзін з валянтэраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея зноў перадала Ўкраіне 1200 целаў. Сярод абмененых жывых палонных беларусаў не былоУ памкненьні атрымаць украінскі пашпарт Андрэй не адзін.
«Маю тры мэдалі: за цяжкае раненьне, за любоў да Ўкраіны, за Бахмут. І ёсьць цэлая куча і грамат, і ўзнагародаў. Але гэта ні на што не ўплывае», — апавядае баец з пазыўным Самурай.
Свой твар хавае — ягоныя сваякі дагэтуль у Расеі.
Да поўнамаштабнага ўварваньня ён доўга жыў ва Ўкраіне, у 2020 годзе нават атрымаў часовае пасьведчаньне грамадзяніна — гэта амаль грамадзянства, але яшчэ ня пашпарт.
У 2022-м Самурай пайшоў ваяваць. У Бахмуце атрымаў цяжкае раненьне. Пасьля лячэньня спатрэбіўся пашпарт. Але ў міграцыйнай службе патлумачылі: трэба спачатку адмовіцца ад расейскага грамадзянства.
«А выйсьці з грамадзянства Расеі — гэта або прыехаць у амбасаду, якіх тут няма, або ў іншую краіну, але замежны пашпарт у мяне скончыўся, я прыехаць не магу. І, калі я і прыйду ў амбасаду, усе ведаюць, што я служу ў УСУ, а гэта тэрарызм у Расеі. Ад 15-20 гадоў турмы», — апавядае Самурай.
Ён нават судзіўся, каб даказаць сваё права быць украінцам. І ў яго ўжо ёсьць некалькі выйграных справаў. Але гэта таксама не дапамагае:
«Я чую, што ёсьць негалоснае распараджэньне расейцам і беларусам, хто ваюе, не даваць грамадзянства. На саміх судах яны просяць: мы прадстаўляем дзяржаўную ўладу, не дазваляйце, не давайце магчымасьці яму падаваць дэклярацыю, у нас устаноўка агульная аб усіх».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Мой сьвет разбурыўся». Гісторыя былога беларускага добраахвотніка ва Ўкраіне, якому патрэбная дапамога пасьля цяжкай траўмыЮрысты, якія займаюцца пытаньнямі грамадзянства, пацьвярджаюць: у тэорыі ў асобных выпадках падчас ваеннага становішча ва Ўкраіне атрымаць украінскі пашпарт замежніку, асабліва расейцу, можна, але фактычна гэта задача «з зорачкай».
«Мы сутыкаемся зь нежаданьнем дзяржаўнай міграцыйнай службы пайсьці насустрач і дапамагчы вайскоўцам атрымаць грамадзянства. На жаль, калі яны чуюць словы „пашпарт Расейскай Фэдэрацыі“, то ўсё, далей ніхто разьбірацца ня будзе. Вораг — ня вораг, ставяць палкі ў колы, — кажа адвакат Дар’я Тарасенка. — У мяне ёсьць кліент, наконт якога ёсьць пазытыўнае рашэньне суду. З такім рашэньнем мы маглі б атрымаць пашпарт Украіны. Ён вайсковец. І мы ўжо год ня можам дамагчыся пашпарта грамадзяніна Ўкраіны. Пазыцыя міграцыйнай службы: паедзьце ў Расею і там выходзьце з расейскага грамадзянства».
Ва ўкраінскай Вярхоўнай Радзе разглядаюць закон, які дазволіць вайскоўцам без украінскага пашпарта выяжджаць за мяжу. Мэты могуць быць розныя — на лячэньне або ў амбасаду для адмовы ад грамадзянства. Але юрысты згаджаюцца: ва ўкраінскіх рэаліях закон без палітычнай волі працаваць ня будзе.
«Мы змагаемся за тое, каб у гэтых людзей было пасьведчаньне, праязны білет, зь якім, калі ў цябе няма пашпарта, Украіна выпусьціць і потым назад упусьціць. Мы вельмі хочам, каб гэтая працэдура для вайскоўцаў і вэтэранаў не была такой расьцягнутай. Гэта можа быць паўгода, дзесяцігодзьдзе. І ты ня ведаеш выніку», — кажа Тарасенка.
На днях Андрэй атрымаў ад міграцыйнай службы чарговую адмову на выезд для лячэньня.
Тым ня менш пра свой жыцьцёвы выбар ваяваць за Ўкраіну Андрэй не шкадуе. Кажа, інакш ня мог:
«Калі мяне пытаюцца мае ж пабрацімы: а калі вярнуць час назад у 2022 год, што б ты зрабіў? Я кажу: я б гэтак жа пайшоў. Гэтак жа, добраахвотнікам. Нават нягледзячы на тое, што я магу нос у нос сустрэцца з родзічамі. Я ня бачу нічога іншага».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі: «Расейцы не абменьваюць з палону беларусаў, бо ня хочуць прызнаваць, што беларусы на баку Ўкраіны»Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.