Рада Эўразьвязу пашырыла тарыфы на сельскагаспадарчую прадукцыю і на некаторыя ўгнаеньні з Расеі і Беларусі, якія яшчэ не абкладаліся дадатковым мытам.
«Мэта — паменшыць залежнасьць ЭЗ ад гэтага імпарту, а таксама скараціць прыбыткі Расеі ад экспарту, тым самым абмяжоўваючы яе здольнасьць фінансаваць сваю агрэсіўную вайну супраць Украіны», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Эўрапейскай рады.
Павышэньне тарыфаў на ўгнаеньні будзе адбывацца паступова, на працягу пераходнага пэрыяду тры гады.
«Дэвіз польскага старшынства — „Бясьпека, Эўропа!“, і гэтыя меры павышаюць нашу эканамічную бясьпеку, скарачаючы залежнасьць ад Расеі. Мы яшчэ больш скарачаем экспартныя даходы Расеі і, такім чынам, яе здольнасьць фінансаваць сваю жорсткую вайну. Гэта аб’яднаная Эўропа ў найлепшым выглядзе», — пракамэнтаваў рашэньне Міхал Бараноўскі, намесьнік дзяржаўнага сакратара Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і тэхналёгіяў Польшчы, адказны за гандаль.
Пасьля ўступленьня заканадаўства ў сілу тарыфы ЭЗ будуць стасавацца ўсіх сельскагаспадарчых прадуктаў з Расеі, бо іншыя сельскагаспадарчыя тавары ўжо абкладаюцца мытам. Новыя тарыфы датычацца прадукцыі, якая складала 15% усяго сельскагаспадарчага імпарту з Расеі ў 2023 годзе. У катэгорыі ўгнаеньняў новыя тарыфы ўводзяцца для некаторых прадуктаў на аснове азоту.
Акрамя паслабленьня ваеннай эканомікі Расеі, новыя тарыфы дапамогуць зьнізіць залежнасьць ЭЗ ад Расеі і Беларусі, а таксама дазволяць дывэрсыфікаваць пастаўкі ўгнаеньняў, гарантуючы іх стабільнасьць і робячы іх даступнымі для фэрмэраў ЭЗ.
Дзейныя тарыфы ў 6,5% на ўгнаеньні зь дзьвюх краін застануцца, але да іх дададуць мыты ад 40 да 45 эўра за тону да сярэдзіны 2026 году.
Потым мыты будуць паступова расьці да 430 эўра за тону ў 2028 годзе, купляць прадукцыю зь Беларусі і Расеі будзе эканамічна немэтазгодна.
У 2023 годзе ЭЗ імпартаваў з Расеі 3,6 мільёна тон азотных угнаеньняў на суму 1,28 мільярда эўра. Гэта склала 25% агульнага аб’ёму імпарту ЭЗ, што зрабіла Расею найбуйнейшым экспартэрам у ЭЗ. Летась тэндэнцыя росту працягвалася: было пастаўлена 4,4 мільёна тон расейскіх угнаеньняў, або 30% агульнага аб’ёму імпарту.
Аб’ём гандлю ўгнаеньнямі зь Беларусьсю невялікі, усяго 30 мільёнаў эўра летась, але Брусэль вырашыў нацэліцца і на яго з прычыны цесных палітычных і эканамічных сувязяў паміж Менскам і Масквой, а таксама перадухіленьня паставак расейскіх угнаеньняў празь Беларусь, калі мытны рэжым ня будзе сынхранізаваны.
Новыя тарыфы таксама павялічаць на 50% тарыфы ЭЗ для расейскай і беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі, такой як цукар, воцат, мука і корм для жывёлы.