Начны расейскі ракетна-бесьпілётны ўдар па Ўкраіне забіў як мінімум 12 чалавек, у тым ліку трое дзяцей.
Масавы расейскі ракетна-дронавы ўдар другую ноч запар быў накіраваны на сталіцу Ўкраіны, Кіеў, і іншыя рэгіёны краіны, у выніку чаго загінулі як мінімум сем чалавек і дзясяткі атрымалі раненьні, паведамілі ўкраінскія ўлады раніцай у нядзелю, піша AP.
Паветраны напад адбыўся на трэці дзень заплянаванага абмену палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, адзінага адчувальнага выніку мірных перамоваў у Стамбуле раней у гэтым месяцы, якія пакуль не прывялі да спыненьня агню. Абмен стаў рэдкім момантам супрацоўніцтва паміж варагуючымі бакамі.
Гукі выбухаў грымелі ўсю ноч у Кіеве і навакольлі, пакуль украінскія сілы супрацьпаветранай абароны гадзінамі спрабавалі зьбіць варожыя бесьпілотнікі і ракеты. Паводле інфармацыі службы бяспекі Ўкраіны, у сталіцы загінулі як мінімум чатыры чалавекі і 16 атрымалі раненьні.
У дамах і прадпрыемствах узніклі пажары, выкліканыя падзеньнем абломкаў бесьпілётнікаў.
Паводле зьвестак службы экстранай дапамогі, у Жытомірскай вобласьці, на захад ад Кіева, загінулі трое дзяцей ва ўзросце 8, 12 і 17 гадоў. Дванаццаць атрымалі раненьні ў выніку нападаў, паведаміла служба. Таксама паведамлялася пра сьмерць у Хмяльніцкай вобласьці, на захадзе Ўкраіны.
Атакі за апошнія 48 гадзін былі аднымі з самых інтэнсіўных расейскіх паветраных удараў па Ўкраіне з моманту паўнамаштабнага ўварваньня ў лютым 2022 года.
Апошняя частка трохдзённага абмену палоннымі павінна адбыцца пазьней у нядзелю.