Пра сустрэчу Дональда Трампа і Ахмэд аш-Шараа ў Эр-Рыядзе паведаміла агенцтва AP. Сустрэчу пацьвердзіў Белы дом. Яна прайшла ў закрытым ад прэсы фармаце, аднак у сеціве ўсё ж зьявіліся фатаграфіі з сустрэчы. На іх акрамя Трампа і сырыйскага лідэра прысутнічае таксама насьледны прынц Саудаўскай Арабіі Мухамад бін Сальман.
Напярэдадні Дональд Трамп заявіў, што аддасьць распараджэньне спыніць санкцыі супраць Сырыі. Яны былі ўведзеныя супраць рэжыму прэзыдэнта Башара Асада, якога зрынулі ў сьнежні летась. Аш-Шараа быў кіраўніком найбуйнейшай узброенай групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам», якая супрацьстаяла Асаду.
Гэта групоўка, як і сам аш-Шараа, была ўключаная Злучанымі Штатамі ў сьпіс тэрарыстычных, бо ў мінулым была зьвязаная з «Аль-Каідай». Пасьля прыходу аш-Шараа да ўлады яшчэ папярэдняя адміністрацыя ЗША выключыла яго зь сьпісу шуканых асобаў.
Дональд Трамп (у цэнтры) і дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё (справа ад яго) сустракаюцца з часовым прэзыдэнтам Сырыі Ахмэдам аль-Шараа (другі зьлева) і з насьледным прынцам Саудаўскай Арабіі Мухамадам бін Сальманам (трэці справа), Эр-Рыяд, 14 траўня 2025 году
«Я аддам загад аб спыненьні санкцыяў супраць Сырыі, каб даць ім шанец на веліч», — сказаў Трамп, выступаючы 13 траўня на інвэстыцыйным форуме ў Саудаўскай Арабіі. Калі менавіта здымуць санкцыі, амэрыканскі прэзыдэнт не сказаў. Дамаск вітаў аб’яву Трампа аб зьняцьці санкцыяў. Пры гэтым, як паведамляюць мэдыя, прэмʼер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу даў Трампу зразумець, што супраць гэтага рашэньня.
Прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт заявіла, што Трамп на сустрэчы з аш-Шараа заклікаў яго завязаць дыпляматычныя адносіны з Ізраілем, працягнуць барацьбу з тэрарызмам і, у прыватнасьці, узяць на сябе адказнасьць за функцыянаваньне турмаў, дзе трымаюць асобаў, зьвязаных з групоўкай «Ісламская дзяржава». Аш-Шараа ў сваю чаргу сказаў Трампу, што вітаў бы амэрыканскія інвэстыцыі ў нафтагазавую прамысловасьць Сырыі.
Частка тэрыторыі Сырыі па-ранейшаму непадкантрольная ўладам у Дамаску. На гэтай тэрыторыі разьмешчаныя ў тым ліку амэрыканскія войскі, якія аказваюць дапамогу мясцовым курдзкім і арабскім аддзелам у барацьбе з «Ісламскай дзяржавай». ЗША афіцыйна падтрымліваюць адзінства Сырыі, настойваючы на тым, што там павінны забясьпечвацца правы ўсіх этнічных і рэлігійных групаў.