Амбасадары краін Эўразьвязу ўхвалілі 17-ы пакет санкцыяў супраць Расеі за вайну ва Ўкраіне

Сьцягі Эўразьвязу, ілюстрацыйнае фота

Пасьля ўхваленьня амбасадараў краін — сяброў ЭЗ 17-ы пакет санкцыяў Эўразьвязу, накладзеных на Расею за разьвязаную супраць Украіны вайну, мае зацьвердзіць Эўрапейская рада.

Амбасадары краін Эўразьвязу 14 траўня «далі зялёнае сьвятло 17-му пакету санкцыяў супраць Расеі», — паведаміў эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк:

«Паралельна яны таксама ўхвалілі дадатковыя санкцыі супраць Расеі за парушэньні правоў чалавека, гібрыднае ўмяшаньне ўва ўсім сьвеце і распаўсюджваньне хімічнай зброі».

Эўразьвяз разглядае 17-ы пакет санкцыяў на ўлады Расеі і Беларусі за разьвязаную супраць Украіны вайну.

У гэтым пакеце, у прыватнасьці, зьбіраюцца дадаць да санкцыйнага сьпісу 21 фізычную і 6 юрыдычных асобаў.

Вярхоўная прадстаўніца ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Кая Калас заявіла з гэтай нагоды:

«Мы ўзмацняем ціск на Расею, каб яна спыніла вайну. Я вітаю пагадненьне па 17-м пакеце санкцый. Ён будзе накіраваны на большую частку ценявога флёту Расеі, які незаконна перавозіць нафту дзеля фінансаваньня агрэсіі Пуціна. Санкцыі спусташаюць ваенныя сродкі Расеі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларуску Судлянкову, якую выслалі з Чэхіі за супрацу з ГРУ Расеі, уключылі ў праект 17-га пакета санкцый Эўразьвязу

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўразьвяз ня здыме санкцыяў з Расеі. Пакуль што