«Падразьдзяленьні нашых узброеных сіл, якія ўдзельнічалі ў апэрацыі па вызваленьні Курскай вобласьці на загад кіраўніка КНДР... зрабілі важны ўнёсак у вызваленьне тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі ад украінскіх сіл», — гаворыцца ў паведамленьні, распаўсюджаным афіцыйным інфармацыйным агенцтвам KCNA.
Згодна з гэтым паведамленьнем, паўночнакарэйскія вайскоўцы адправіліся на вайну паводле падпісанай у чэрвені 2024 году дамовы аб узаемнай абароне паміж Расеяй і Паўночнай Карэяй.
У Паўночнай Карэі сьцьвярджаюць, што вайскоўцы КНДР удзельнічалі ў баявых дзеяньнях толькі на тэрыторыі Расеі, што «цалкам адпавядае палажэньням Статуту ААН і іншых міжнародных дамоваў».
Паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын загадаў паставіць у Пхэньяне помнік у гонар паўночнакарэйскіх вайскоўцам з нагоды іх удзелу ў вайне на баку Расеі.
28 красавіка Ўладзімір Пуцін падзякаваў салдатам КНДР за ўдзел у вайне супарць Украіны. Пуцін адзначыў, што ўдзел войскаў спэцпрызначэньня КНДР у баях у Курскай вобласьці адбываўся на аснове Дамовы аб усёабдымным стратэгічным партнэрстве паміж Расеяй і КНДР ад 19 чэрвеня 2024 года, артыкул 4 якой прадугледжвае неадкладнае аказаньне ваеннай дапамогі ў выпадку ўзброенага нападу на адзін з бакоў.
«Трэція краіны, такія як КНДР, якія садзейнічалі зацягваньню вайны паміж Расеяй і Украінай, нясуць адказнасьць за гэта», — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША ў камэнтары агенцтву Yonhap празь некалькі гадзін пасьля таго, як Пхэньян упершыню прызнаў адпраўку сваіх войскаў у Расею.
Таксама прадстаўнік Дзярждэпу зьвярнуў увагу, што падрыхтоўка Расеяй паўночнакарэйскіх вайскоўцаў парушае шматлікія рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН, якія накладаюць шырокую забарону на наданьне або атрыманьне вайсковай падрыхтоўкі або дапамогі КНДР або ад яе. Ён паўтарыў заклікі да Пхэньяну спыніць адпраўку войскаў, а да Расеі — спыніць любую падтрымку КНДР.
Раней начальнік расейскага Генштабу Валерый Герасімаў падчас даклада прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну 26 красавіка заявіў, што вайскоўцы з Паўночнай Карэі дзейнічалі «бок аб бок» з расейскімі вайскоўцамі ў Курскай вобласьці. Гэта ўпершыню, калі расейскія ўлады афіцыйна пацьвердзілі ўдзел паўночнакарэйскіх салдат у вайне супраць Украіны.
Як паведамлялі раней, у лістападзе 2024 году ў Расею прыбылі каля 11 тысяч вайскоўцаў з Паўночнай Карэі. Як паведамлялі ВВС заходнія афіцыйныя асобы, усяго за тры месяцы паўночнакарэйскія войскі панесьлі амаль 40% стратаў, з улікам загінулых і параненых, у баях на захадзе Курскай вобласьці Расеі.
Высокі ўзровень страт сярод паўночнакарэйскіх салдат зьвязаны зь іх недастатковай падрыхтоўкай да вядзеньня сучаснай вайны, у прыватнасьці да выкарыстаньня баявых бесьпілётнікаў. Акрамя таго, паводле зьвестак Нацыянальнай выведвальнай службы Паўднёвай Карэі, расейскія камандзіры выкарыстоўваюць паўночных карэйцаў у лабавых атаках без дастатковай агнявой падтрымкі. Нягледзячы на гэта, украінскія вайскоўцы і разьведслужбы адзначаюць, што паўночнакарэйскія войскі атрымліваюць каштоўны баявы вопыт і адыгралі важную ролю ў расейскай стратэгіі зьнясіленьня ўкраінскіх войскаў у баях у Курскай вобласьці.
Паводле зьвестак вайсковага камандаваньня Паўднёвай Карэі, у студзені і лютым 2025 году Паўночная Карэя дадаткова накіравала ў Расею каля трох тысяч вайскоўцаў для ўдзелу ў вайне супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Большасьць снарадаў, якія Расея выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны, пастаўляе КНДР, — расьсьледаваньнеВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.