Гэта іх чацьвёртая асабістая сустрэча зь лютага 2025 году. Факт перамоваў Пуціна і Ўіткафа пацьвердзіў прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў.
Стыў Уіткаф прыляцеў у Маскву ў раніцай 25 красавіка. У Белым доме раней пацьвярджалі, што Ўіткаф павінен адправіцца ў Расею на гэтым тыдні, не называючы дакладную дату. Папярэдняя сустрэча Ўіткафа з Пуціным адбылася два тыдні таму ў Санкт-Пецярбургу.
Перад пачаткам перамоваў Уіткафа заўважалі падчас прагулкі па Арбаце ў суправаджэньні кіраўніка Расейскага фонду прамых інвэстыцыяў Кірыла Дзьмітрыева, піша Расейская служба Радыё Свабода.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заяўляе, што яго адміністрацыя імкнецца да больш хуткага спыненьня агню і заключэньня «пагадненьня» аб міры ва Ўкраіне, і для гэтага вядзе перамовы як з Расеяй, так і з Украінай.
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у інтэрвію амэрыканскай тэлекампаніі CBS, фрагмэнты якога паказалі 24 красавіка, сказаў, што Масква гатовая заключыць пагадненьне аб міры, «але ёсьць некаторыя асобныя пункты, элемэнты гэтага пагадненьня, якія патрабуюць тонкай наладкі». Пра якія менавіта пункты ідзе гаворка, ён не сказаў.
Афіцыйная пазыцыя Масквы на дадзены момант палягае ў тым, што Ўкраіна павінна адмовіцца ад анэксаванага Крыму і яшчэ чатырох абласьцей, а таксама адмовіцца ад уступленьня ў NATO і пайсьці на іншыя саступкі. У той жа час, шэраг заходніх СМІ са спасылкай на крыніцы пісалі, што Расея можа зьмякчыць свае патрабаваньні і ў прыватнасьці пагадзіцца на спыненьне канфлікту па бягучай лініі фронту.
У тым жа інтэрвію Лаўроў назваў Дональда Трампа «магчыма, адзіным лідэрам на Зямлі, які прызнаў неабходнасьць ліквідацыі карэнных прычын» канфлікту ва Ўкраіне. Што менавіта маецца на ўвазе, Лаўроў не патлумачыў. Раней дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё заяўляў, што падчас перамоваў з Расеяй адміністрацыі Злучаных Штатаў стала больш зразумелай пазыцыя Расеі.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 24 красавіка заявіў, што пасьля сустрэчы ў Лёндане 23 красавіка прадстаўнікоў Украіны, ЗША і шэрагу краін Эўропы быў сфармаваны новы дакумэнт па пытаньні завяршэньня вайны. Гэты дакумэнт ужо перадалі прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу. Зяленскі пры гэтым адзначыў, што ў мірным пагадненьні ня можа быць нічога, што супярэчыць Канстытуцыі Ўкраіны, перадае «РБК-Украіна». Гаворка, па ўсім відаць, ідзе перш за ўсё пра тэрытарыяльныя саступкі.
23 красавіка Трамп абвінаваціў кіраўніка ўкраінскай дзяржавы ў перашкодзе перамовам з Расеяй аб заканчэньні вайны. Трамп выказаў незадаволенасьць публічнымі заявамі Зяленскага аб тым, што Кіеў ні пры якіх абставінах не признает Крым часткай Расеі. На думку прэзыдэнта ЗША, такія заявы перашкаджаюць ходу перамоваў. Зьмест распрацаванага Вашынгтонам пляну ўрэгуляваньня канфлікту афіцыйна не раскрывалі.
Пры гэтым CNN са спасылкай на эўрапейскіх чыноўнікаў піша, што ў Эўразьвязе сур’ёзна занепакоеныя магчымым прымусам Украіны да тэрытарыяльных саступак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Спэцпрадстаўнік Пуціна наведаў ЗША ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі ва ЎкраінеГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі заклікаў Трампа прыехаць ва Ўкраіну, каб «разабрацца, што тут адбываецца»ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Што азначае для Беларусі імкненьне Расеі далучыць расейскамоўныя рэгіёны Ўкраіны — аналіз Валера КарбалевічаВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.