Пасьля атакі Расеі ратаўнікі гэтай ноччу ліквідавалі каля 40 асяродкаў узгараньня ў дзевяці рэгіёнах Украіны, паведаміў міністар унутраных справаў Украіны Ігар Кліменка. Паводле яго, пад інтэнсіўным камбінаваным ударам Расеі былі Кіеў і вобласьць, Жытомірская, Днепрапятроўская, Харкаўская, Палтаўская, Хмяльніцкая, Сумская і Запароская вобласьці, больш за ўсё пацярпеў Кіеў.
Расея нанесла канцэнтраваны ўдар ракетамі і дронамі па Кіеве і іншых гарадах Украіны. ФОТА
Паводле апошніх зьвестак, вядома пра 12 загінулых у выніку расейскага ўдару, яшчэ больш за 87 атрымалі розныя траўмы.
Ратавальныя працы пасьля расейскага паветранага нападу на Кіеў
Раней Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацыяў (ДСНС) Украіны паведамляла пра 63 пацярпелых, 42 зь іх шпіталізавалі, сярод іх 6 дзяцей.
«Адбыліся разбурэньні ў жылых дамах: працягваюцца пошукі людзей пад заваламі. Узьніклі пажары ў гаражах, адміністрацыйных будынках, нежылых будынках. У 5 раёнах сталіцы працягваецца ліквідацыя наступстваў начнога абстрэлу», — гаворыцца ў паведамленьні ДСНС.
Пасьля расейскай атакі на Кіеў
З прычыны падзеньня абломкаў пашкоджаньні і пажары ёсьць у Галасееўскім, Саломенскім, Сьвятошынскім і Шаўчэнкаўскім раёнах Кіева, паведаміў мэр гораду Віталь Клічко. Паводле яго, у Сьвятошынскім раёне, які найбольш пацярпеў у выніку расейскай атакі, узгараньні адбыліся на 6 аб’ектах, ёсьць разбурэньні.
Паводле міністра ўнутраных справаў Украіны Ігара Кліменкі, у Сьвятошынскім раёне Кіева ідзе разбор завалаў разбуранага дому, з-пад руін чуваць тэлефонныя званкі, ёсьць інфармацыя пра дваіх дзяцей, якіх дагэтуль ня могуць знайсьці на месцы здарэньня.
Ад расейскай камбінаванай атакі ў Бучанскім раёне Кіеўскай вобласьці пацярпелі дзьве жанчыны, паведамляе абласная вайсковая адміністрацыя.
Наступствы расейскага паветранага нападу на Кіеў
Паводле апошніх зьвестак, у Бучанскім раёне пашкоджаныя тры пяціпавярховыя жылыя дамы, на даху аднаго зь іх быў пажар, яго спынілі. Таксама пашкоджаныя чатыры крамы, восем аўтамабіляў, спыніўся грамадзкі транспарт. У Вышгарадзкім раёне пашкоджаныя памяшканьне складу і тры аўтамабілі, таксама зьліквідавалі пажар у полі ў Браварскім раёне.
Харкаў уначы зазнаў сама меней сем расейскіх ракетных удараў, а таксама атаку дронамі. Пацярпелі два чалавекі, вядома пра пашкоджаньні ў двух раёнах гораду, паведаміў мэр Ігар Церахаў. Адзін з апошніх удараў прыпаў на раён шчыльнай жылой забудовы. У некалькіх шматпавярховіках выбітыя вокны, там жа і двое пацярпелых.
Паводле кіраўніка МУС Ігара Кліменкі, у Жытомірскай вобласьці войскі Расеі нанесьлі паўторны ўдар па ратаўніках ДСНС, якія прыбылі тушыць пажар — пацярпеў 39-гадовы ратаўнік.
Падчас канцэнтраванай атакі на Днепрапятроўшчыну ракетамі і бесьпілётнікамі ў Паўлаградзе пад ударам апынулася прамысловае прадпрыемства, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Лысак. Паводле папярэдніх зьвестак, загінулых і пацярпелых няма. Таксама, паводле Лысака, расейскія войскі дронамі і артылерыяй атакавалі Нікапаль і Марганецкую грамаду — людзі не пацярпелі.
Раніцай расейскія войскі атакавалі дронамі Запарожжа, людзі не пацярпелі, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Іван Фёдараў. Паводле яго, у адным з раёнаў гораду пашкоджаныя два шматпавярховыя дамы і адміністрацыйны будынак.
- Расейскія вайскоўцы рэгулярна з розных відаў узбраеньня атакуюць украінскія рэгіёны.
- Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейскае войска падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.
- Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Колькасьць ахвяраў удару па Сумах вырасла да 35 чалавекВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.