Улады Ўкраіны: колькасьць параненых у выніку ўдару па Дняпры ўзрасла да 21, ёсьць забітыя

Ліквідацыя наступстваў атакі ў Дняпры, 29 сакаіка 2025 году

У выніку расейскага ўдару «Шахедамі» па Дняпры быў паранены 21 чалавек, гаворыцца ў паведамленьні Дзяржаўнай службы па надзвычайных сытуацыях (ДСНС) Украіны.

Паводле зьвестак ратавальнікаў, у выніку ўдару дронамі па горадзе загінулі чатыры чалавекі.

«Масіраваны ўдар нанёс маштабныя разбурэньні і пажары. Гарэлі гатэльна-рэстаранны комплекс, 11 прыватных дамоў, гаражы, СТА. Пацярпелі шматпавярховікі і 21 аўтамабіль», — кажуць у ведамстве.

Таксама вядома аб пашкоджаньні дзьвюх адзінак пажарна-выратавальнай тэхнікі.

У ДСНС удакладнілі, што пажары ліквідаваныя, да выратавальных прац прыцягваліся больш за 150 ратавальнікаў і 40 адзінак тэхнікі.

Раней кіраўнік Днепрапятроўскй вобласьці заявіў аб пашкоджаньнях у Дняпры ў выніку атакі расейскіх дронаў увечары 28 сакавіка. Было вядома аб 4 загінуўшых і 15 параненых.

Расейскія вайскоўцы рэгулярна рознымі відамі узбраеньня — ударнымі БПЛА, ракетамі, КАБамі, Ракетнымі сыстэмамі залпавага агню — атакуюць ўкраінскія рэгіёны.

Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейская армія падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па грамадзянскай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы цывільнае насельніцтва і разбураючы бальніцы, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.

Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.