На вайне ва Ўкраіне зьнік грамадзянін Беларусі Андрэй Кулага, які ваяваў на баку Расеі.
Як паведамілі Свабодзе ў праекце «Не жди меня из Украины», па дапамогу ў пошуку зьвярнулася ягоная дачка Тацяна.
«2 кастрычніка 2024 году ён пайшоў. А 8:30 раніцы ён здаў тэлефон і з гэтага дня больш ніколі не выходзіў на сувязь», — паведаміла дзяўчына.
Паводле інфармацыі праекту, Андрэй Кулага нарадзіўся 2 чэрвеня 1979 году і жыў у Магілёве, у верасьні 2024 году падпісаў кантракт з прыватнай вайсковай кампаніяй «Ястраб», ваяваў пад пазыўным «Алекс». З 6 лютага 2025 году яго лічаць зьніклым бязь вестак.
У 2024 годзе Андрэя Кулагу шукалі пры дапамозе пошукава-выратавальнага атраду «Фэнікс». Згодна з тагачаснай аб’явай, ён знаходзіўся ў Санкт-Пецярбургу, а з кастрычніка зьнік. Сярод асаблівых прыкмет там пералічвалі татуаж на плячы ў выглядзе шчыта і мяча з подпісам «Сувязь».
Новыя абвесткі аб ягоным пошуку пачалі разьмяшчаць у студзені 2025 году, але ўжо 19 студзеня пад адной з такіх публікацыяў аўтарка дапісала камэнтар «знойдзены, жывы».
Што вядома пра ПВК «Ястраб»
У лютым 2023 году ва Ўкраіне заявілі, што ў Расеі стварылі ПВК «Ястраб», каб нібыта выціснуць ПВК «Вагнэр» і яе заснавальніка Яўгенія Прыгожына з інфармацыйнай прасторы.
Але ПВК «Ястраб» дзейнічае з 2014 году, хоць яе афіцыйна зарэгістравалі толькі ў 2018 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Яе заснавальнік — Аляксей Марушчанка. Спачатку гэтая кампанія пазыцыянавала сябе як «падразьдзел перамоўнікаў». Афіцыйны статут ПВК прадугледжвае 46 відаў дзейнасьці, але асноўны — «дзейнасьць у расьсьледаваньні».
У публікацыях, прысьвечаных гэтай кампаніі (якіх няшмат), сьцьвярджаецца, што яна займаецца суправаджэньнем і аховай каштоўных грузаў, суправаджае морскія караблі, ахоўвае аб’екты нафтагазавай прамысловасьці, масавыя імпрэзы, а таксама садзейнічае «пошуку зьніклых бязь вестак у небясьпечных раёнах і зонах баявых дзеяньняў і садзейнічае ў абмене палоннымі».
У той жа час сам Аляксей Марушчанка сьцьвярджае, што байцы ПВК «Ястраб» ваявалі ў Сырыі, Лібіі, а з 2014 году на ўкраінскім Данбасе.
У верасьні 2022 году ў складзе ПВК было 150 наймітаў. Пра цяперашнюю колькасьць дакладнай інфармацыі няма.
Адразу пасьля падпісаньня кантракту кіраўніцтва ПВК абяцае пералічыць найміту 1,8 мільёна расейскіх рублёў, а далей выплачваць ад 210 тысяч кожны месяц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Знайшоўся адзін з трох зьніклых бязь вестак беларусаў, якія ваявалі ва Ўкраіне на баку РасеіВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.