Эўразьвяз ня будзе канфіскоўваць замарожаныя расейскія актывы

Лідэры краін Эўразьвязу вырашылі не канфіскоўваць замарожаныя актывы РФ. Адсоткі ад гэтых сродкаў павінны ісьці на падтрымку Ўкраіны.

Эўразьвяз спыніў дыскусію аб канфіскацыі замарожаных расейскіх актываў. Аб гэтым сьведчыць тэкст высноваў саміту ЭЗ 20 сакавіка, які трапіў у распараджэньне карэспандэнткі DW.

«У адпаведнасьці з заканадаўствам ЭЗ, расейскія актывы павінны заставацца бяз руху да таго часу, пакуль Расея ня спыніць сваю агрэсіўную вайну супраць Украіны і не кампэнсуе ёй шкоду, нанесеную гэтай вайной», — сказана ў тэксьце, прынятым лідэрамі краін ЭЗ.

Шэраг краін выступіў супраць канфіскацыі актываў РФ

Супраць канфіскацыі больш за 200 млрд эўра сувэрэнных расейскіх актываў выступалі некалькі краін Эўразьвязу, аргумэнтуючы сваю пазыцыю заканадаўствам ЭЗ, небясьпекай падобнага прэцэдэнту для эўрапейскай канкурэнтаздольнасьці на рынку фінансавых паслуг, неабходнасьцю падтрымліваць Украіну на адсоткі ад гэтых сродкаў, а таксама тым, што гэтая сума зьяўляецца «картай» на мірных перамовах і рычагом уплыву на Расею.

«Мы пачынаем думаць аб эндшпілі ва Ўкраіне, аб мірных перагаворах, спыненьні агню, мірным пагадненьні, якое можа быць падпісанае як праз 3 месяцы, так і праз 3 гады. І людзі пачынаюць разумець, што мець гэтыя актывы можа быць важней, чым канфіскаваць іх, не ведаючы пры гэтым, што зь імі рабіць», — адзначыў напярэдадні саміту ЭЗ адзін эўрапейскі дыплямат.

Пры гэтым ЭЗ гатовы і далей узмацняць ціск на Расею, у тым ліку шляхам увядзеньня дадатковых санкцыяў і ўзмацненьня кантролю за выкананьнем існых абмежавальных мераў, каб аслабіць здольнасьць РФ весьці вайну супраць Украіны, сказана ў дакумэнце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўразьвяз разглядае працяг паставак узбраеньня ва Ўкраіну падчас перамоваў аб спыненьні агню

Заява саміту ЭЗ у падтрымку Ўкраіны засталася без подпісу Вугоршчыны

Сумесную заяву па выніках саміту падпісалі ўсе лідэры ўсіх краінаў ЭЗ, за выключэньнем прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана. Гэта ўжо другі раз за месяц, калі Будапэшт аказваецца адзіным сярод чальцоў ЭЗ, хто не ўхваляе супольныя рашэньні.

Украінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі сёньня, зьвяртаючыся да саюзьнікаў у ЭЗ, заклікаў іх ухваліць пакет на суму ня менш як 5 млрд эўра на закупку артылерыі для Ўкраіны, а таксама працягваць ціск на Расію. Выступаючы на саміце па відэасувязі, Зяленскі сказаў, што «гэта проста супраць Эўропы», калі адзін чалавек блякуе рашэньні, важныя для ўсяго кантынэнту, маючы на ўвазе Віктара Орбана.