Лябедзька правёў перамовы з дарадцам Зяленскага аб праўным стане беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне

Дарадца кіраўніка Офісу Прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк, архіўнае фота

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкай супрацы Анатоль Лябедзька сустрэўся ў Кіеве з дарадцам кіраўніка Офісу Прэзыдэнта Ўкраіны Міхайлам Падаляком.

Пра сустрэчу паведаміў зьвязаны з беларускім палітыкам Анатолем Лябедзькам «Парлямэнцкі канал».

Паводле паведамленьня ТГ-каналу, Падаляк заявіў, што «Лукашэнка ва ўкраінскай палітыцы займае месца ў раёне статыстычнай хібнасьці»:

«А вось будучыня Беларусі, гэта тое, што рэальна прысутнічае ў галаве ўкраінскага прэзыдэнта. Тут ёсьць разуменьне, што без дэмакратычнай Беларусі ня будзе бясьпечнай Эўропы».

Таксама паведамляецца, што Падаляк «адзначыў пэўныя зрухі і зьмяненьні ў прававым статусе беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне і выказаў надзею, што гэты працэс будзе мець пазытыўную дынаміку»:

«Таксама адзначыў, што прэзыдэнт Украіны мае на мэце вярнуць з расейскіх вязьняў усіх палонных, якія змагаліся за свабоду Ўкраіны, нягледзячы на тое, якой яны нацыянальнасьці».

Украінскі бок аб сустрэчы не паведамляе.

Анатоль Лябедзька ў Кіеве бярэ ўдзел у пасяджэньні круглага стала «Беларуска-ўкраінскія адносіны: выклікі і магчымасьці». Ад беларускіх дэмакратычных сіл у імпрэзе таксама ўдзельнічаюць кіраўнік міжнароднай камісіі Каардынацыйнай Рады Аляксандра Мамаева, лідэр фракцыі КР «Хопіць баяцца!» Тацяна Мартынава, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэта (АПК) па абароне і нацыянальнай бясьпецы Вадзім Кабанчук і кіраўнік апарата АПК Валер Мацкевіч.

Украінскі бок прадстаўляюць дэпутаты Вярхоўнай Рады, прадстаўнікі ўрада, аналітычных цэнтраў і валянтэрскіх ініцыятыў.

17 сакавіка стала вядома, што АПК падтрымаў ініцыятыву Каардынацыйнай рады КР аб уключэньні грамадзян Беларусі, у тым ліку цывільных асоб, у расейска-ўкраінскія сьпісы на абмен ваеннапалоннымі.

Афіцыйны Менск падтрымлівае Маскву ў разьвязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міхаіл Падаляк: Дазвол Украіне атакаваць вайсковыя цэлі ў Расеі ня тычыцца тэрыторыі Беларусі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Беларуская апазыцыя мае добрыя шанцы». Падаляк пра перамовы з дарадцам Ціханоўскай і магчымасьць пераменаў у Беларусі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Каналаў камунікацый не існуе». Падаляк абверг заявы Лукашэнкі і пракамэнтаваў прапанову «перанесьці вайну ў Беларусь»