Пуцін падчас нядаўняй размовы з прэзыдэнтам ЗША Трампам пагадзіўся на 30 дзён прыпыніць атакі на аб’екты інфраструктуры Ўкраіны.
Ва ўкраінскім Крапіўніцкім пасьля расейскай атакі параненыя восем чалавекУ горадзе за ноч чулі дзясяткі выбухаў.
Пра атаку жылых кварталаў Крапіўніцкага паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Андрэй Райковіч.
Ён адзначыў, што расейскія бесьпілётнікі нацэліліся на Новамікалаеўку і Балашыўку — раёны гораду.
У сацыяльных сетках жыхары пісалі пра ня меней як 30 выбухаў у горадзе, паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Украінскія службы заявілі, што атака была нацэленая менавіта на цывільныя аб’екты.
«Напад прывёў да разбурэньня цывільнай інфраструктуры. Пашкоджаныя жылыя дамы ў некалькіх раёнах: выбітыя вокны, разбураныя бальконы, пашкоджаньні канструкцыі. „Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелі восем чалавек, у тым ліку адно дзіця“», — гаворыцца ў паведамленьні Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацый Украіны.
Зь некаторымі пацярпелымі працуюць псыхолягі, параненым надаюць мэдыцынскую дапамогу.
Расейскае кіраўніцтва адмаўляе, што расейская армія ў час паўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.
У Маскве заўсёды кажуць пра тое, што атакуюць «цэнтры прыняцьця рашэньняў» і вайсковыя аб’екты. Здымкі зь месцаў падзей зьняпраўджваюць словы Крамля.
Уладзімір Пуцін падчас нядаўняй размовы з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам пагадзіўся на 30 дзён прыпыніць атакі на аб’екты інфраструктуры Ўкраіны.