Падрыхтаваны да зацьверджаньня дакумэнт Эўразьвязу падкрэсьлівае прыхільнасьць стратэгіі «мір празь сілу», якая прадугледжвае ўзмацненьне абараназдольнасьці Ўкраіны.
Да журналістаў «Настоящего времени» трапіў тэкст праекту выніковага дакумэнту саміту 27 лідэраў Эўразьвязу, які пройдзе ў Брусэлі 20 сакавіка.
«Эўразьвяз працягне фінансавую і вайсковую дапамогу Кіеву, падтрымлівае незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны ў рамках яе міжнародна прызнаных межаў і настойвае, што Расея павінна прадэманстраваць сапраўдную палітычную волю да завяршэньня вайны», — гаворыцца ў праекце дакумэнту.
Наданьне тэрміновай вайсковай дапамогі ў праекце паведамленьня прапануецца ў рамках ініцыятывы G7 ERA (Extraordinary Revenue Acceleration — «надзвычайнае паскарэньне паступленьняў»), якая прадугледжвае дапамогу Ўкраіне ў памеры 50 мільярдаў даляраў коштам даходаў ад замарожаных расейскіх актываў.
У праекце таксама згадваецца ініцыятыва пакету дапамогі на 40 мільярдаў эўра ад кіраўніцы эўрапейскай дыпляматыі Каі Калас. Гэта азначае, што цяпер ініцыятыва не завершаная, а яе ўзгадненьне на гэтым саміце не плянуецца.
У праекце таксама падкрэсьліваецца неабходнасьць аказваць далейшы ціск на Расею праз увядзеньне дадатковых санкцыяў, узмацненьне кантролю за выкананьнем дзейных мераў і на замарожваньне расейскіх актываў да спыненьня агрэсіі і кампэнсацыі нанесенай шкоды.
«Эўрапейскі Зьвяз і дзяржавы — яго сябры будуць спрыяць мірнаму працэсу і дапамогуць забясьпечыць справядлівы і доўгатэрміновы мір для Ўкраіны, што ў інтарэсах як Украіны, так і Эўропы ў цэлым», — гаворыцца ў праекце дакумэнту.