The Times: ва Ўкраіну могуць накіраваць да 30 тысяч міратворцаў

Прэм’ер Вялікай Брытаніі Кір Стармэр

Ідзецца пра 35 краін у рамках «кааліцыі ахвочых».

«Кааліцыя ахвочых», удзельнікі якой гатовыя ў выпадку спыненьня агню ва Ўкраіне накіраваць туды свае войскі ў якасьці гарантыі падтрыманьня міру, гатовая сфармаваць кантынгент колькасьцю да 30 тысяч чалавек. Пра гэта, як піша брытанская газета The Times, заявіў 15 сакавіка на онлайн-нарадзе кіраўнікоў шэрагу краін Захаду брытанскі прэм’ер Кір Стармэр.

«Стармэр гатовы разьмясьціць брытанскія войскі ва Ўкраіне — „колькі спатрэбіцца“. Да 30000 вайскоўцаў зь некалькіх краін, уключаючы Вялікую Брытанію, могуць быць разгорнутыя ў складзе доўгатэрміновых міратворчых сілаў», — піша выданьне.

Высокапастаўленыя крыніцы ўва ўрадзе Вялікай Брытаніі, як сьцьвярджае Times, паведамілі выданьню, што ў місіі гатовыя ўдзельнічаць шмат краін, аднак асноўная частка кантынгенту будзе сфармаваная з вайскоўцаў Вялікай Брытаніі і Францыі. Краіны, не гатовыя адправіць сваіх вайскоўцаў, гатовыя надаць зброю, матэрыяльна-тэхнічную і выведную падтрымку місіі.

Сьцьвярджаюць, што ўсяго ідзецца пра прыкладна 35 краін. Не паведамляюць, ці ўваходзяць у іх склад Злучаныя Штаты. Раней лідэры Брытаніі і Францыі называлі падтрыманьне з боку ЗША ключавым элемэнтам усякай магчымай міратворчай місіі ўва Ўкраіне — нават калі амэрыканскія войскі ня будуць у ёй удзельнічаць.

У нарадзе 15 сакавіка прынялі ўдзел прадстаўнікі 29 краін, у тым ліку большасьці краін Эўразьвязу, Канады, Аўстраліі, Новай Зэландыі, а таксама генэральны сакратар NATO Марк Рутэ. Раней на сустрэчах у Парыжы і Лёндане краіны Захаду аб’явілі аб стварэньні «кааліцыі ахвочых» — групы краін, гатовых аказваць дапамогу Ўкраіне. Вялікая Брытанія і Францыя таксама выказалі гатоўнасьць адправіць сваіх вайскоўцаў зь міратворчай місіяй пасьля заканчэньня баявых дзеяньняў.

Крэмль ня раз заяўляў, што лічыць непрымальнай прысутнасьць на тэрыторыі Ўкраіны войскаў краін NATO.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон у сваю чаргу заявіў, што Расея ня мае права вэта на разьмяшчэньне ўва Ўкраіне замежных вайскоўцаў, калі ўлады ў Кіеве іх запросяць. Макрон таксама заявіў, што міратворчыя сілы могуць складацца з прадстаўнікоў як эўрапейскіх, так і неэўрапейскіх краін.

Прадстаўнікі «кааліцыі ахвочых» падкрэсьліваюць, што аб разьмяшчэньні вайскоўцаў ва Ўкраіне гаворка можа ісьці толькі пасля спыненьня агню — як аб фактары стрымліваньня Расеі ад далейшай агрэсіі.

Масква пакуль не прыняла і не адпрэчыла прапанову ЗША аб 30-дзённым перамір’і, зь якім пагадзіўся Кіеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп анансаваў на 18 сакавіка размову з Пуціным пра спыненьне агню ва Ўкраіне

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.