Сайт прэзыдэнта РФ падае яго заяву. У ёй, у прыватнасьці, гаворыцца:
«Мы азнаёміліся з сёньняшнім зваротам прэзыдэнта ЗША спадара Трампа пашкадаваць жыцьці вайскоўцаў украінскай арміі, часткі якой заблякаваныя расейскімі войскамі ў зоне ўварваньня ЎСУ ў Курскую вобласьць.
У сувязі з гэтым зьвяртаем увагу, што ўкраінскія баевікі ўчынілі ў зоне ўварваньня шматлікія злачынствы супраць цывільнага насельніцтва. Гэтыя дзеяньні, як я ўжо казаў, кваліфікуюцца Генэральнай пракуратурай РФ як тэрарызм.
Разам з тым мы з разуменьнем ставімся да закліку прэзыдэнта Трампа кіравацца ў адносінах да гэтых вайскоўцаў меркаваньнямі гуманітарнага характару. У сувязі з гэтым падкрэсьлю, што ў выпадку складаньня зброі і здачы ў палон ім будзе гарантаванае жыцьцё і годнае абыходжаньне ў адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права і законамі Расейскай Фэдэрацыі».
Раней сёньня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у сваёй сацсетцы Truth Social, што 13 сакавіка прайшлі «вельмі добрыя і прадуктыўныя» перамовы з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным:
«Учора мы правялі вельмі добрыя і прадуктыўныя дыскусіі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, і ёсьць вельмі добрыя шанцы, што гэтая жудасная, крывавая вайна можа нарэшце скончыцца — але ў гэты самы момант тысячы ўкраінскіх вайскоўцаў цалкам аточаныя расейскімі войскамі і знаходзяцца ў вельмі кепскай і ўразьлівай пазыцыі. Я настойліва прасіў прэзыдэнта Пуціна захаваць ім жыцьцё. Гэта была б жудасная разьня, якой не было з часоў Другой сусьветнай вайны. Дай Бог ім усім».
Тым часам у Генштабе ЎСУ заявілі, што паведамленьні аб нібы «акружэньні» украінскіх падразьдзяленьняў у Курскай вобласьці не адпавядаюць рэчаіснасьці і «ствараюцца расейцамі ў палітычных мэтах, каб аказаць ціск на Ўкраіну і яе партнэраў».
«Сытуацыя за суткі істотна не зьмянілася. Баявыя дзеяньні ў апэрацыйнай зоне групоўкі войскаў „Курск“ працягваюцца. Падразьдзяленьні Сіл абароны Ўкраіны ажыцьцявілі перагрупоўку, адышлі на больш выгадныя рубяжы абароны і выконваюць пастаўленыя перад імі задачы на тэрыторыі Курскай вобласьці. Нашы воіны адбіваюць наступальныя дзеяньні праціўніка і наносяць яму эфэктыўныя агнявыя страты ўсімі відамі зброі», — гаворыцца ў паведамленьні.
11 сакавіка ў Джыдзе, у Саудаўскай Арабіі, адбыліся перамовы прадстаўнікоў Кіева і Вашынгтону. Украінскі бок прыняў прапанову ўвесьці 30-дзённы рэжым спыненьня агню, калі на гэта пагодзіцца Расея. Пасьля сустрэчы ЗША заявілі аб аднаўленьні паставак зброі і аднаўленьні абмену разьведвальнай інфармацыяй. Офіс прэзыдэнта Ўкраіны заявіў, што абмеркаваньне дэталяў часовага спыненьня агню пачнецца пасьля 17 сакавіка.
Пасьля згоды Ўкраіны на перамір'е ЗША аднавілі пастаўкі зброі Ўкраіне праз Польшчу і абмен выведнай інфармацыяй. Гэта адбылося на наступны дзень пасля перамоваў, якія прайшлі ў горадзе Джыда ў Саудаўскай Аравіі паміж прадстаўнікамі Кіева і Вашынгтону.
13 скавіка ў Маскве з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным сустркаўся спэцпасланьнік Трампа Стыў Уіткаф.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.