Ва Ўкраіне абвясьцілі міжнародны вышук ураджэнца Беларусі за ваенныя злачынствы ў Херсонскай вобласьці

Цяпер Белазёрка, дзе ўраджэнец Беларусі ўчыніў ваеннае злачынства, пад сталымі расейскімі абстрэламі. Ілюстрацыйнае фота

Да вайны ўраджэнец Беларусі Сяргей Вайда быў настаяцелем Сьвята-Ўсьпенскага храму на Кубані. Ён актыўна ўдзельнічаў ува ўсіх акцыях Кубанскага казацкага войска, прадстаўнікі якога першымі падтрымалі ваеннае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну.

Ва Ўкраіне ў міжнародны вышук абвясьцілі ўраджэнца Беларусі, расейскага вайскоўца Сяргея Вайду, які абвінавачваецца ў ваенных злачынствах у пасёлку Белазёрка Херсонскай вобласьці, і пачалі завочны судовы працэс.

Як стала вядома Свабодзе, наступнае пасяджэньне суду ў яго справе заплянавана на 23 сакавіка.

Сяргей Вайда нарадзіўся ў жніўні 1980 году ў Плешчаніцах Лагойскага раёну Менскай вобласьці. У матэрыялах справы адзначаецца, што ён мае пашпарт грамадзяніна Расеі.

Пашпарт Сяргей Вайда атрымаў у 2019 годзе ў Паўлаўскім раёне Краснадарскага краю, хоць сам ён, паводле інфармацыі сьледзтва, зарэгістраваны ў Майкопе (Рэспубліка Адыгея).

Ваенныя злачынствы ён учыніў у часе сваёй службы ў 10 асобнай брыгадзе спэцыяльнага прызначэньня Ўзброеных сіл Расеі. На гэтай падставе яго ўключылі ва ўкраінскую базу «Міратворац».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея атакавала 12 абласьцей Украіны. На Адэшчыне пацярпеў порт, у Херсоне адзін чалавек загінуў

Як вынікае з тэксту падазрэньня, апублікаванага Офісам генэральнага пракурора Ўкраіны, Сяргей Вайда разам з 4 іншымі расейскімі вайскоўцамі ўварваліся ў прыватны будынак, які належаў мясцоваму жыхару Яўгену Ільчуку, і сталі там жыць.

У чэрвені 2022 году яны абрабавалі будынак і вывезьлі ўсе рэчы, якія змаглі забраць з сабой: тры тэлевізары, газавую пліту, пліту камбінаванага тыпу, дзьве лядоўні, маразільную камэру, дзьве бутэлькі брэндзі, пяцілітровую бутэльку віна, скутэр, сеялку навясную, чатыры колы з дыскамі для трактара, тры бэнзінавыя касы, мотаблёк, два генэратары, садовую газонакасілку, чатыры вуглашліфавальныя машынкі, два электраабагравальніка, два пэрфаратары і электрычны адбойны малаток. Агулам расейскія вайскоўцы скралі ва ўкраінца рэчаў амаль на 230 тысяч грыўняў (амаль 10 тысяч даляраў у эквіваленце на момант уварваньня Расеі ва Ўкраіну. — РС).

Сьледчыя інкрымінавалі Сяргею Вайду ч. 1 артыкулу 438 Крымінальнага кодэксу — парушэньні законаў і звычаяў вайны, якія караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў.

Як высьветліла Свабода, да вайны Сяргей Вайда быў настаяцелем Сьвята-Ўсьпенскага храму ў хутары Хавердаўскі ў Паўлаўскім раёне Краснадарскага краю. Ён актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах Кубанскага казацкага войска, прадстаўнікі якога першымі падтрымалі ваеннае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну.

Украінскія вайскоўцы вызвалілі Белазёрку ад расейскай акупацыі ў лістападзе 2022 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Што я такога зрабіла, каб мне вырываць пазногці?» Жыхары Херсонскай вобласьці пра катаваньні падчас расейскай акупацыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома яшчэ аб адным беларусе, які ваяваў на баку Расеі і трапіў у палон Украіны