Украіна пад новым ракетным абстрэлам Расеі, у Польшчы ў стан баявой гатоўнасьці прыводзілі сыстэму СПА

У Польшчы падымалі ў неба сваю авіяцыю. Ілюстрацыйнае фота

Расея з розных кірункаў атакавала Ўкраіну 67 ракетамі і 194 дронамі з розных кірункаў.  Зьбіць удалося 34 ракеты і 100 бесьпілётнікаў. 

Міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка заявіў аб камбінаваным удары Расеі па аб’ектах энэргетыкі.

«Расея імкнецца прычыніць боль звычайным украінцам, абстрэльваючы энэргетыку і газавыя вытворчыя магутнасьці, перасьледуючы мэту пакінуць нас безь сьвятла і цяпла, нанесьці найбольшую шкоду шараговым грамадзянам», — напісаў міністар на сваёй старонцы ў Facebook.

Праз актыўную дзейнасьць баявой авіяцыі Расеі, якая наносіла ўдары па аб’ектах, разьмешчаных у тым ліку на захадзе Ўкраіны, Польшча падымала ў паветра сваю авіяцыю і прыводзіла ў баявую гатоўнасьць сілы супрацьпаветранай абароны.

«Апэратыўнае камандаваньне ажыцьцяўляе маніторынг сытуацыі, а падпарадкаваныя сілы і сродкі знаходзяцца ў поўнай гатоўнасьці да тэрміновага рэагаваньня», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні апэратыўнага камандаваньня польскага войска.

У ноч на 7 сакавіка Паветраныя сілы Ўкраіны паведамілі аб запусках 67 ракет і 194 дронаў з розных кірункаў. Зьбіць удалося 34 ракеты і 100 бесьпілётнікаў.

Сродкі супрацьпаветранай абароны працавалі ў Кіеве, Кіеўскай вобласьці, Харкаве і Харкаўскай вобласьці, у Цярнопальскай, Палтаўскай і іншых рэгіёнах Украіны.

Вядома, што ў Цярнопальскай вобласьці расейская ракета пацэліла ў крытычны прамысловы аб’ект, у Міргарадзкім раёне Палтаўскай вобласьці аскепкі зьбітага дрона трапілі ў прыватны дом— дваіх чалавек, у тым ліку адно дзіця, шпіталізавалі з раненьнямі.

У Харкаве восем параненых пасьля расейскага ўдару, двух чалавек шпіталізавалі. Пашкоджаньні атрымала цывільнае прадпрыемства, шматпавярховыя жылыя дамы, дзіцячы садок, 25 гаражоў.

У Чарнігаўскай вобласьці таксама пацярпела прамысловае прадпрыемства.

У Херсонскай вобласьці ў выніку расейскай атакі пашкоджаныя аб'екты крытычнай і сацыяльнай інфраструктуры, шматпавярховы дом, 16 прыватных будынкаў, спадарожнікавая вежа. Два чалавекі загінулі і адзін атрымаў раненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея нанесла ракетны ўдар па гатэлі ў Крывым Рогу, дзе спыніліся замежныя валянтэры. Шмат ахвяр і параненых

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.