Украінскія дроны пацэлілі ў НПЗ у дзьвюх абласьцях Расеі. У Маскве пра маштабы не паведамляюць

Нафтасховішча ў Самарскай вобласьці Расеі. Ілюстрацыйнае фота

З пачатку 2025 году ўкраінскія бесьпілётнікі атакавалі як мінімум 20 аб’ектаў нафтавай прамысловасьці на тэрыторыі Расеі.

Губэрнатар Растоўскай вобласьці Юрый Сьлюсар паведаміў аб інтэнсіўнай атацы дронамі на Чарткоўскі раён.

«У выніку інтэнсіўнай атакі БПЛА ў Чарткоўскім раёне адбылося ўзгараньне на нафтаправодзе», — паведаміў Юрый Слюсар.

Апроч таго, паводле яго, загарэўся «склад на тэрыторыі прамаб’екта ў сяле Сахранаўка Чарткоўскага раёну».

Губэрнатар Растоўскай вобласьці падкрэсьліў, што пэрсанал эвакуавалі, ніхто не пацярпеў, а ўзгараньні зьліквідавалі.

Паводле зьвестак кіраўніка Цэнтру вывучэньня акупацыі Ўкраіны Пятра Андрушчанкі, у Чарткоўскім раёне пацэлілі ў Навашахцінскі НПЗ і ў Сахранаўскае лінейнае вытворчае ўпраўленьне магістральных газаправодаў, якое зьяўляецца структурным падразьдзелам ТАА «Газпром Трансгаз Волгоград».

Пятро Андрушчанка таксама паведаміў аб пацэльваньні ў Сызранскі НПЗ у Самарскай вобласьці, які знаходзіцца за 1100 кілямэтраў ад мяжы Ўкраіны. Гэтае трэцяе пацэльваньне ў Сызранскі НПЗ, папярэднія адбыліся 16 сакавіка 2024 году і сёлета 19 лютага. На заводзе ўжо было пашкоджана абсталяваньне першаснай перапрацоўкі нафты АВТ-6.

Губэрнатар Самарскай вобласьці Вячаслаў Фядорышчаў пацьвердзіў, што была атака на «адно з сызранскіх прамысловых прадпрыемстваў», але яго не назваў. Паводле губэрнатара, расейская СПА «зьліквідавала бесьпілётнікі», загінулых і пацярпелых няма.

Расейскія выданьні з спасылкай на мясцовых жыхароў пацьвердзілі атаку на Сызранскі НПЗ. Яны сьцьвярджаюць, што ў ноч на 4 лютага бачылі яркія ўспышкі ў небе і чулі ад трох да пяці гучных выбухаў.

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што ў ноч на 4 лютага «перахапілі і зьнішчылі» 18 украінскіх дронаў, у тым ліку 10 над Растоўскай, тры над Варонескай, два над Самарскай і па адным — над Курскай, Белгарадзкай і Астраханскай абласьцямі. Аб маштабах наступстваў у выніку зьбіцьця дронаў у Мінабароны нічога не паведамілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне паведамілі аб выніках ўдару па Расеі: пашкоджаны Разанскі НПЗ і нафтабаза ў Тульскай вобласьці

Расейскія ўлады рэгулярна пацьвярджаюць напады БПЛА на рэгіёны, а Міністэрства абароны дае справаздачу аб зьнішчэньні дзясяткаў украінскіх бесьпілётнікаў. Пра тое, што дроны цэляцца і б’юць па нафтавых аб’ектах, часьцей за ўсё паведамляюць мясцовыя жыхары, яны ж публікуюць фота і відэазапісы пажараў.

Украінскія ўлады пэрыядычна камэнтуюць удары па нафтабазах, адзначаючы, што іх задзейнічаюць у забесьпячэньні расейскага акупацыйнага войска.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі ад удару ўкраінскімі дронамі пацярпеў яшчэ адзін НПЗ — у Самарскай вобласьці

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.