У выведцы Ўкраіны расказалі ўмовы, пры якіх Расея актывізуе наступы і штурмы на поўдні Ўкраіны

Намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі. Архіўнае фота

Намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі заявіў аб зьмяншэньні інтэнсіўнасьці баявых дзеяньняў на лініях фронту.

«Сапраўды, мы фіксуем зьмяншэньне і актыўнасьці баявых дзеяньняў, і найперш баявых сутыкненьняў. Але групоўка іхных войскаў усё роўна застаецца магутнай — гэта больш за 620 тысяч вайскоўцаў Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі, разьмешчаных на нашых часова акупаваных тэрыторыях, у Курскай вобласьці. Адбываецца перагрупаваньне, ажыцьцяўляецца аднаўленьне баявых стратаў [...], свой уплыў на вядзеньне баявых дзеяньняў непасрэдна мае і надвор’е», — сказаў Вадзім Скібіцкі ў інтэрвію агенцтву РБК-Україна.

Паводле яго, найбольш крытычнымі кірункамі застаецца Данецкая вобласьць — Пакроўск, Краматорск, Славянск і «ўся аглямэрацыя населеных пунктаў, каб у выпадку посьпеху расейцы змаглі прадоўжыць наступальныя дзеяньні, у тым ліку і ў кірунку Днепрапятроўскай вобласьці».

Вадзім Скібіцкі адзначыў, што ўкраінская выведка змагла папярэдзіць некалькі наступальных апэрацый, якія расейскія войскі плянавалі ў канцы 2024-га і ў пачатку 2025 году. Але, паводле яго, выкрыцьцё плянаў суперніка яшчэ не азначае поўную адмову Расеі ад іх рэалізацыі.

«Сёньня асноўная мэта, якую вызначыла Расея на 2025 год — гэта захоп усёй тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей, выкананьне задач так званай „спэцыяльнай ваеннай апэрацыі“, утрыманьне кантролю на тымі тэрыторыямі, якія захапілі — Херсонская, Запароская вобласьці і непасрэдна акупаваны Крым», — сказаў прадстаўнік украінскай выведкі.

Паводле яго, у выпадку выхаду Расеі на мяжу Днепрапятроўскай вобласьці павялічыцца пагроза правядзеньня любых штурмавых дзеяньняў, выведкі і зьменшыцца радыюс баявога выкарыстаньня артылерыйскіх і залпавых сыстэм для нанясеньня ўдараў па інфраструктуры Ўкраіны.

«Яны дакладна для сябе вызначылі найбольш крытычныя і актуальныя кірункі вядзеньня баявых дзеяньняў. Найперш гэта пакроўскі кірунак, Тарэцк і Часаў Яр для завяршэньня ўсіх апэрацый, якія яны сплянавалі. Апроч таго, гэта Купянск. Мы ведаем пляны, якія ставіць перад сабой Расея, у тым ліку і магчымасьць правядзеньня штурмавых і наступальных дзеяньняў і ў Херсонскай, і ў Запароскай абласьцях», — паведаміў Вадзім Скібіцкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі расказаў аб мірным пляне, які прадставяць партнэрам у ЗША: «Украіна не прызнае акупацыю Расеяй тэрыторый»