Кір Стармэр па выніках саміту ў Лёндане: Мы створым кааліцыю для Ўкраіны, адправім туды войскі і дамо 5000 тысяч ракет СПА

Удзельнікі саміту ў Лёндане.

У Лёндане 2 сакавіка прайшоў буйны эўрапейскі саміт па пытаньнях бясьпекі і падтрымкі Ўкраіны. У сустрэчы ўдзельнічаў ўкраінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, які знаходзіцца зь візытам у Вялікай Брытаніі.

На саміт прыбылі кіраўнікі ўрадаў Нідэрляндаў, Даніі, Швэцыі, Нарвэгіі, Нямеччыны, Італіі, Польшчы, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэзыдэнт Фінляндыі Аляксандар Стуб. Таксама сярод удзельнікаў кіраўнік ураду Канады Джастын Трудо, міністар замежных спраў Турэччыны Хакан Фідан, генэральны сакратар NATO Марк Рутэ, кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, кіраўнік Эўрапейскай рады Антонью Кошта.

Па выніках сустрэчы, паводле агенцтва Reuters, прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр зрабіў шэраг заяў. Ён сказаў, што шэраг краін заявілі аб жаданьні стаць часткай заплянаванай Эўропай «кааліцыі ахвочых» дапамагчы Ўкраіне, не называючы гэтыя краіны.

«Што да кааліцыі ахвочых, так, шэраг краін заявілі сёньня, што хочуць стаць часткай пляну, які мы распрацоўваем», — заявіў Стармэр на прэсавай канфэрэнцыі пасьля сустрэчы эўрапейскіх лідэраў у Лёндане.

«Я даю ім магчымасьць зрабіць уласныя заявы пра тое, як менавіта яны хочуць удзельнічаць», — сказаў Стармэр.

Таксама ён паведаміў, што Вялікая Брытанія выдзеліць 1,6 млрд фунтаў стэрлінгаў (2 млрд даляраў) на пастаўку 5 тысяч ракет СПА для Ўкраіны.

Стармэр таксама заявіў, што ня згодзен з тым, што Злучаныя Штаты пры прэзыдэнце Дональду Трампу зьяўляюцца ненадзейным саюзьнікам.

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц заявіў журналістам пасьля сустрэчы, што саюзьнікі будуць сканцэнтраваныя на тым, каб забясьпечыць Украіне моцнае войска, калі вайна там скончыцца, каб яна магла абараніць сябе ад любой будучай агрэсіі.

«Асновай усяго будзе моцнае войска», — сказаў Шольц.

Эўропе тэрмінова неабходна пераўзброіцца, і дзяржавам-сябрам павінна быць прадстаўлена фіскальная прастора для рэзкага павелічэньня выдаткаў на абарону, заявіла па выніках саміту прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў нядзелю ў Лёндане сустрэўся з прэм’ер-міністрам Італіі Джорджай Мэлёні «для распрацоўкі сумеснага пляну дзеяньняў дзеля спыненьня вайны, для справядлівага і трывалага міру». Ён дадаў, што Ўкраіне патрэбен мір, падмацаваны надзейнымі гарантыямі бясьпекі, паколькі ніхто, акрамя расейскага лідэра Пуціна, не зацікаўлены ў працягу і хуткім аднаўленьні вайны.

Пасьля ўдзелу ў саміце Ўладзімір Зяленскі сустрэўся з каралём Вялкай Брытаніі Карлам ІІІ.

Правядзеньне цяперашняй сустрэчы ў Лёндане прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі ініцыяваў пасьля перамоваў Уладзіміра Зяленскага і прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Зяленскі прыбыў у Вашынгтон 28 лютага ў тым ліку для таго, каб падпісаць дамову аб рэдказямельных мэталах. Падчас сустрэчы ў Авальным кабінэце Белага дому ў Зяленскага адбылася сварка з Трампам і віцэ-прэзыдэнтам Джэй Дзі Вэнсам. У выніку падпісаньня дакумэнта не адбылося, а Зяленскі датэрмінова пакінуў Белы дом.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кір Стармэр назваў тры элемэнты трывалага міру ва Ўкраіне, над якімі будуць працаваць Вялікая Брытанія і Францыя

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вялікая Брытанія выдзеліла Ўкраіне крэдыт на $ 2, 7 млрд пад даходы ад расейскіх актываў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

ХХХ