Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на сустрэчы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам у Вашынгтоне заявіў, што можа пакласьці канец вайне Расеі супраць Украіны на працягу некалькіх тыдняў.
Па словах Трампа, на гэтым ці наступным тыдні ён можа сустрэцца з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у Белым доме для падпісаньня пагадненьня аб карысных выкапнях. Ён зазначыў, што ЗША і Ўкраіна «вельмі блізкія да заключэньня канчатковага пагадненьня».
Па словах Трампа, ён ня ведае, калі сустрэнецца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, але рана ці позна гэта адбудзецца. Трамп сказаў, што гатовы ў зручны час наведаць Маскву, але 9 траўня можа быць занадта рана.
На пытаньне аб тым, ці варта Ўкраіне саступіць свае тэрыторыі Расеі падчас перамоваў аб спыненьні вайны, Трамп адказаў: «Паглядзім». Ён дадаў, што перамовы толькі пачынаюцца.
Падчас прэсавай канфэрэнцыі Трампа спыталі, ці назваў бы ён Пуціна дыктатарам (на мінулым тыдні ён назваў дыктатарам Зяленскага):
«Я не выкарыстоўваю гэтыя словы легкадумна. Паглядзім, як усё пройдзе. У нас ёсьць шанец на сапраўды добрую дамову паміж некалькімі краінамі», — адказаў прэзыдэнт ЗША.
Макрон у сваю чаргу чарговы раз паведаміў аб гатоўнасьці адправіць на тэрыторыю Ўкраіны францускія войскі ў якасьці міратворцаў. Трамп у адказ падкрэсьліў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прыме ідэю адпраўкі міратворцаў з Эўропы.
Пакідаючы Белы дом, Макрон заявіў, што Трамп прыняў яго «вельмі добра, вельмі прыязна». Прэзыдэнты таксама правялі відэаканфэрэнцыю з прадстаўнікамі G7.
Перад адлётам у Вашынгтон Макрон заявіў, што неабходныя меры для «стрымліваньня» Расеі, бо яна, на ягоную думку, нясе пагрозу для ўсёй Эўропы. Гаворка ідзе таксама аб магчымым разьмяшчэньні ва Ўкраіне эўрапейскіх сіл для падтрыманьня міру — пасьля спыненьня агню.
Як паведамлялі СМІ, іх аснову павінныя скласьці брытанскі і францускі кантынгенты. Іх разьмяшчэньне, аднак, магчымае толькі ў выпадку падтрымкі з боку ЗША — нават калі амэрыканскія вайскоўцы ня ўвойдуць у склад гэтых сіл. Пра тое ж пойдзе размова падчас візыту ў Вашынгтон прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Кіра Стармэра. Абодва лідэры, як паведамляецца, паспрабуюць пераканаць Трампа ў тым, што, накіроўваючы сваіх вайскоўцаў, эўрапейскія краіны бяруць на сябе гарантыі бясьпекі для Ўкраіны — чаго і дамагаўся ад іх Вашынгтон.
Прадстаўнікі адміністрацыі ЗША настойваюць на больш хуткім завяршэньні канфлікту, яны перасталі абвінавачваць Расею ў агрэсіі супраць Украіны, а многія зь іх, уключаючы Трампа, выступілі з рэзкімі заявамі ў адрас Кіева. ЗША таксама правялі перамовы з прадстаўнікамі Расеі ў Эр-Рыядзе. Гэта выклікала ва Ўкраіне і краінах ЭЗ асьцярогу, што Вашынгтон паспрабуе дамовіцца з Масквой «праз галаву» Ўкраіны і Эўропы.