За прыняцьце рэзалюцыі прагаласавалі 93 дзяржавы –сябры ААН, супраць — 18, а 65 устрымаліся. ЗША, Расея і Беларусь прагаласавалі супраць. Сярод тых, хто ўстрымаўся, — Кітай і Бразылія.
Большасьць прыхільнікаў рэзалюцыі, якія выступілі на яе абмеркаваньні перад галасаваньнем, — краіны Эўразьвязу, а таксама Канада. Іх прадстаўнікі падкрэсьлілі, што расейскае ўварваньне ва Ўкраіну было несправакаванае і носіць заваёўніцкі характар, а таксама нагадалі пра мноства ахвяр сярод мірнага насельніцтва, разбурэньні цывільнай інфраструктуры і мільёны бежанцаў.
Прадстаўнікі краін, ня згодных з тэкстам праекту, казалі пераважна пра тое, што абедзьве краіны павінны скончыць баявыя дзеяньні як мага хутчэй і перайсьці да дыпляматычнага ўрэгуляваньня.
Паўнамоцны прадстаўнік Расеі ў ААН Васіль Нябензя чарговы раз выступіў са сьцьвярджэньнямі, што Ўкраіна справакавала канфлікт, устанавіўшы ў краіне «нацысцкі рэжым». Расея таксама прапаноўвала папраўкі да праекту рэзалюцыі, у якіх гаварылася аб неабходнасьці ўстараненьня «карэннай прычыны канфлікту», але на галасаваньні іх адхілілі.
Таксама Генэральная асамблея ААН ухваліла рэзалюцыю пра вайну ва Ўкраіне, падрыхтаваную ЗША. Гэты дакумэнт быў прыняты з папраўкамі эўрапейскіх краін, у тым ліку з фармулёўкай, якая падкрэсьлівае, што Расея ўварвалася ва Ўкраіну ў парушэньне Статуту ААН.
Гэтая рэзалюцыя больш нэўтральная і не зьмяшчае асуджэньня Расеі. У дакумэнце выказваецца смутак наконт гібелі людзей падчас «расейска-ўкраінскага канфлікту» і зьмяшчаецца заклік «да больш хуткага спыненьня канфлікту і ўстанаўленьня трывалага міру паміж Украінай і Расеяй». За яго прыняцьце прагаласавалі 93 краіны, супраць — восем, 73 дзяржавы ўстрымаліся. У тым ліку і самі ЗША, якія прапанавалі гэтую рэзалюцыю.
Перад галасаваньнем, выступаючы з заклікам да дзяржаваў падтрымаць рэзалюцыю Вашынгтону, амбасадарка Дораці Шы, прадстаўніца ЗША ў ААН, заявіла, што прынятыя рэзалюцыі ААН за апошнія тры гады, якія асуджаюць Расею і заклікаюць Маскву вывесьці свае войскі, "не змаглі спыніць вайну". Шы сказала, што ААН патрэбная рэзалюцыя, якая абавязвае яе спыніць вайну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея не адмаўляецца ад сваіх умоў спыненьня агню: адмова Ўкраіны ад NATO і акупаваных тэрыторый
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
1095 дзён на фронце. Маналёг беларуса, які тры гады ваюе за незалежнасьць УкраіныВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.