Лідэр нямецкай партыі ХДС і найбольш верагодны кандыдат на пасаду канцлера ФРГ Фрыдрых Мэрц — пасьля перамогі кансэрватыўнага блёку ХДС/ХСС на выбарах у бундэстаг 23 лютага — заявіў, што ня ўпэўнены, што NATO застанецца ў сваёй ранейшай форме.
Адказваючы на пытаньні журналістаў, ён дапусьціў, што Эўропе будзе трэба стварыць свой узброены альянс, незалежны ад ЗША.
Ён таксама сказаў, што Нямеччына больш ня можа спадзявацца на абарону «ядзерным парасонам» амэрыканскага войска, што неабходна правесьці перамовы зь Вялікай Брытаніяй і Францыяй аб пашырэньні іх ядзернай падтрымкі іншых эўрапейскіх краін.
У той жа час, адзначыў Мэрц, Нямеччыне неабходна ўзмацняць уласнае войска.
Заява Мэрца зьявілася пасьля выказваньняў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пра тое, што ён ня бачыць пэрспэктывы ўступленьня Ўкраіны ў NATO і ня лічыць Расею пагрозай краінам саюзу, і пасьля жорсткай прамовы віцэ-прэзыдэнта ЗША Дж. Д. Вэнса на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, калі Вэнс раскрытыкаваў стан дэмакратыі ў краінах Эўразьвязу і даў зразумець, што Эўропа больш ня будзе карыстацца безумоўнай падтрымкай ЗША.
У адказ на гэта прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў стварыць адзіныя эўрапейскія ўзброеныя сілы. Паводле слоў Зяленскага, ва ўмовах пастаяннай пагрозы з боку Расеі і нявызначанасьці адносна падтрымкі ЗША — сытуацыі, якую ён назваў «новай рэальнасьцю» — кантынэнт павінен быць самастойны.
Выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі ў панядзелак, Мэрц зазначыў, што добрыя адносіны з ЗША — у інтарэсах саміх Злучаных Штатаў, і ён спадзяецца пераканаць кіраўніцтва ЗША ў гэтым.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напярэдадні прывітаў перамогу ХДС/ХСС на выбарах у Нямеччыне. Пры гэтым адзін з найбольш блізкіх да яго дзеячоў, мільярдэр Ілан Маск, публічна заклікаў да падтрымкі правапапулісцкай «Альтэрнатывы для Нямеччыны», што выклікала незадаволенасьць у Бэрліне.
Пазачарговыя парлямэнцкія выбары ў Нямеччыне прайшлі 23 лютага. Большасьць галасоў выбаршчыкаў — 28,6 працэнта — набраў кансэрватыўны блёк ХДС/ХСС. Ён мае намер вылучыць на пасаду канцлера кандыдатуру старшыні ХДС Фрыдрыха Мэрца. Мэрц выступае за разьвіцьцё эканомікі ФРГ, падатковыя паслабленьні і працяг падтрымкі Ўкраіны, якая ваюе. У прыватнасьці, ён крытыкаваў рашэньне папярэдняга канцлера Оляфа Шольца не перадаваць Украіне дальнабойныя ракеты Taurus.