Спэцпрадстаўнік Трампа назваў Зяленскага «адважным лідэрам»

Уладзімір Зяленскі і Кіт Келаг, Кіеў, 20 лютага 2025 году.

Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША па Ўкраіне і Расеі Кіт Келаг назваў украінскага прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага «адважным лідэрам краіны, якая ваюе». Ён напісаў пра гэта ў пятніцу ў сацсетцы X.

Гэтыя словы Келага сталі яго першым камэнтаром пасьля сустрэчы зь Зяленскім у Кіеве ў мінулы чацьвер, 20 лютага, адзначае «РБК-Украіна».

Па словах Келага, ён правёў у Кіеве «доўгі і насычаны дзень» з кіраўніцтвам Украіны. «Шырокія і пазытыўныя дыскусіі з прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім, адважным лідэрам ваюючай краіны, які змагаецца, і яго таленавітай камандай па нацыянальнай бясьпецы», — напісаў Келаг.

Як паведамлялася ў чацьвер, заплянаваная па выніках сустрэчы сумесная прэсавая канфэрэнцыя Ўладзіміра Зяленскага і Кіта Келага была адмененая на просьбу амэрыканскага боку. У дзень пачатку візыту, у сераду, Келаг абвясьціў галоўнай задачай свайго прыезду — выслухаць украінскі бок.

Па словах украінскага прэзыдэнта, падчас сустрэчы са спэцпрадстаўніком Трампа абмяркоўвалася сытуацыя на фронце і гарантыі бясьпекі для Ўкраіны. Таксама Зяленскі падкрэсьліў гатоўнасьць Украіны да падпісаньня моцнага пагадненьня аб партнэрстве з ЗША.

Візыт Кіта Келага прайшоў на фоне рэзкіх выказваньняў на адрас украінскага лідэра і Ўкраіны самога Дональда Трампа. Ён назваў Зяленскага «дыктатарам бяз выбараў». Камэнтуючы словы Трампа аб тым, што рэйтынг падтрымкі цяперашняга ўкраінскага прэзыдэнта складае толькі 4%, Зяленскі сказаў, што Трамп жыве ў «прасторы дэзінфармацыі».

  • Рэзкія выказваньні Трампа на адрас Зяленскага дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё пасьля патлумачыў тым, што прэзыдэнт ЗША быў «вельмі засмучаны» Зяленскім, галоўным чынам у сувязі зь яго пазыцыяй па пытаньні аб супрацоўніцтве са Злучанымі Штатамі ў распрацоўцы прыродных рэсурсаў. Рубіа — усьлед за віцэ-прэзыдэнтам ЗША Вэнсам — назваў крытыку на адрас Трампа контрпрадуктыўнай.
  • Украінскія СМІ пасьля слоў Трампа аб рэйтынгу Зяленскага прывялі дадзеныя апытаньня Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі (КМІС). Згодна зь імі, па стане на першую палову лютага сёлета Зяленскаму давяраюць 57% працэнтаў украінцаў. Пры гэтым апошнія месяцы яго рэйтынг рос. Агенцтва AP у сувязі з дадзенымі КМІС, адзначала, што ва ўмовах вайны дадзеныя ўкраінскіх сацыялягічных апытанняў нельга назваць надзейнымі.