Макрон пасьля двух самітаў у падтрымку Ўкраіны: «Расея нясе пагрозу існаваньню эўрапейцаў»

Эмануэль Макрон, архіўнае фота

Прэзыдэнт Францыі па выніках другога запар тэрміновага зьезду кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу ў Парыжы заявіў, што Францыя і яе хаўрусьнікі пагадзіліся, што правы Ўкраіны і праблемы эўрапейскай бясьпекі павінны быць прынятыя да ўвагі ў любым пагадненьні аб спыненьні вайны з Расеяй.

На наступным тыдні Эманюэль Макрон паляціць у Вашынгтон. Пакуль жа ён выказаў супольную пазыцыю ЭЗ.

«Пазыцыя Францыі і яе хаўрусьнікаў ясная і адзіная. Мы хочам трывалага міру ва Ўкраіне», — паведаміў Макрон на X пасьля сустрэчы зь лідэрамі 19 пераважна эўрапейскіх краін, паведамляе AFP.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп агаломшыў Эўрапейскі Зьвяз, заявіўшы, што гатовы аднавіць дыпляматыю з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным пасьля трохгадовай поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, прычым без узгадненьняў як з эўрапейскімі краінамі, так і Кіевам.

Макрон правёў сустрэчу, каб скаардынаваць эўрапейскі адказ на тое, што ён назваў «экзыстэнцыйнай пагрозай» з боку Расеі пасьля шокавай зьмены палітыкі ЗША.

«Мы падтрымліваем Украіну і будзем выконваць усе свае абавязаньні для забесьпячэньня міру і бясьпекі ў Эўропе», — сказаў Макрон.

Удзельнікі, сярод якіх былі лідэры краінаў ЭЗ, а таксама Ісьляндыі, Нарвэгіі і Канады, падкрэсьлілі, што Ўкраіна павінна быць уключаная і «яе правы паважацца» ў працэсе перамоў. Дзеля забесьпячэньня доўгатэрміновай угоды неабходныя «надзейныя і вартыя даверу гарантыі», а таксама неабходна прыняць да ўвагі «праблемы эўрапейскай бясьпекі».

«Мы перакананыя ў неабходнасьці павелічэньня нашых выдаткаў на абарону і бясьпеку для Эўропы і кожнай з нашых краін», — дадаў Макрон.

Макрон мае намер сустрэцца з Трампам у Вашынгтоне ўжо 24 лютага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Якімі маглі б быць эўрапейскія міратворцы ва Ўкраіне і наколькі гэта рэалістычна? Аналіз Свабоды

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што сустрэнецца з пасланьнікам ЗША Кітам Келагам 20 лютага і спадзяецца на «канструктыўную» працу са Злучанымі Штатамі пасьля таго, як Трамп абрынуўся на яго ў сацыяльных сетках і назваў Зяленскага «дыктатарам».

Францыя была адным з галоўных заходніх прыхільнікаў Украіны з таго часу, як Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ў яе ў лютым 2022 году.

17 лютага Макрон прымаў ключавых эўрапейскіх лідэраў, у тым ліку зь Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Італіі, Польшчы і Нідэрляндаў, а таксама кіраўнікоў NATO і ЭЗ для экстраных перамоваў, але некаторыя меншыя эўрапейскія краіны, у тым ліку Румынія і Чэхія, як паведамляецца, былі незадаволеныя тым, што іх не запрасілі.

Часовы прэзыдэнт Румыніі Іліе Баляжан і прэм’ер-міністар Люксэмбургу Люк Фрыдэн асабіста прысутнічалі на сустрэчы 19 лютага днём. Кіраўнікі ж Літвы, Кіпру, Фінляндыі, Бэльгіі, Баўгарыі, Канады, Харватыі, Эстоніі, Грэцыі, Ірляндыі, Латвіі, Нарвэгіі, Партугаліі, Швэцыі, Славеніі і Чэхіі тым часам далучыліся празь відэаканфэрэнцыю.

Вугоршчына і Славаччына, чые прэм’ер-міністры набліжаныя да Пуціна, а таксама сябра NATO Турэччына, прэзыдэнт якой Рэджэп Таіп Эрдаган гатовы выступіць пасярэднікам, не былі ў сьпісе ўдзельнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп назваў Зяленскага «дыктатарам бяз выбараў» і заклікаў яго «дзейнічаць хутка»

«Расея нясе пагрозу існаваньню эўрапейцаў», — сказаў Макрон у інтэрвію францускім рэгіянальным газэтам.

«Ня думайце, што неймавернага ня можа адбыцца, у тым ліку самае страшнае».

Макрон выглядаў адкрытым для ідэі накіраваньня войскаў ва Ўкраіну, але падкрэсьліў, што гэта можа адбыцца толькі ў самым абмежаваным рэжыме і ўдалечыні ад лініі фронту. Францыя разам зь Вялікай Брытаніяй разглядаюць магчымасьць адпраўкі «экспэртаў або нават войскаў у абмежаваныя тэрміны, па-за межамі любой зоны канфлікту», сказаў ён.

Міністар замежных спраў Жан-Наэль Баро заявіў, што Францыі, магчыма, давядзецца зрабіць цяжкі выбар.

«Расея вырашыла зрабіць з нас ворагаў, і мы павінны расплюшчыць вочы, усьвядоміць маштаб пагрозы і абараніць сябе. Калі мы нічога ня зробім, калі мы застанемся сьляпымі да пагрозы, лінія фронту будзе набліжацца да нашых межаў», — сказаў ён тэлеканалу RTL.

Раней ён казаў, што гарантыі, неабходныя для гарантаваньня доўгатэрміновага «міру» ва Ўкраіне, могуць даць толькі эўрапейцы.

Каб працягваць ціск на Маскву, краіны Эўразьвязу 19 лютага ўзгаднілі новы пакет санкцый супраць Расеі, заявілі дыпляматы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі: ЗША дапамагаюць Пуціну выйсьці з ізаляцыі, мяне проста цяпер памяняць не атрымаецца