У публікацыі ў сетцы Х ён прапанаваў свой плян такіх дзеяньняў. Сярод іх:
- Рэальныя гарантыі бясьпекі для Украіны — «сяброўства ў NATO павінна заставацца на стале перамоваў».
- Расtя павінна быць прыцягнутая да адказнасьці за ваенныя злачынствы, а санкцыі павінны заставацца да спыненьня агрэсіі.
- Неадкладнае фінансаваньне ўзбраеньняў і 10 млрд. эўра для ўкраінскай абароннай прамысловасьці.
- Арышт замарожаных актываў Расеі і ўвядзеньне тарыфаў на расейскі/беларускі імпарт.
- Паскоранае ўступленьне ў ЭЗ — мэтавая дата да 2030 году.
Таксама сёньня група дэпутатаў Эўрапарлямэнту выступіла з заявай, у якой сьцьвярджаецца, што перамовы аб міры ва Ўкраіне немагчымыя без Украіны і Эўразьвязу.
Улічваючы, у прыватнасьці, нядаўнюю сустрэчу дэлегацый Расеі і Злучаных Штатаў, эўрадэпутаты «паўтараюць», што мір ва Ўкраіне ня можа быць дасягнуты бяз поўнага ўдзелу дэмакратычна абранай улады Ўкраіны і падтрымкі яе народу.
«Любое ўрэгуляваньне, якое выключае Ўкраіну ці падрывае яе законныя імкненьні, ня будзе ні справядлівым, ні жыцьцяздольным. Акрамя таго, мы падкрэсьліваем, што архітэктуру бясьпекі Эўропы немагчыма абмяркоўваць без актыўнага ўдзелу ЭЗ і яго дзяржаў-сябраў», — гаворыцца ў заяве.
Аўтары тэксту ўказваюць на тое, што фінансавая дапамога, прадстаўленая Кіеву Эўразьвязам, перавышае суму дапамогі ад любой іншай краіны, таму роля ЭЗ у любых перамовах, якія ўплываюць на бясьпеку Эўропы, павінна «адпавядаць яго палітычнай і эканамічнай вазе».
«Апошнія палітычныя падзеі ясна паказваюць, што ЭЗ і ягоныя краіны-сябры, на жаль, больш ня могуць цалкам спадзявацца на ўрад Злучаных Штатаў у абароне нашых агульных каштоўнасьцяў і інтарэсаў, а павінны ўзяць сваю абарону і бясьпеку ў свае ўласныя рукі. Гэта патрабуе тэрміновых захадаў па павелічэньні і аптымізацыі вайсковых выдаткаў і гатоўнасьці», — заяўляюць эўрадэпутаты.
Яны лічаць, што пры неабходнасьці ўсе даступныя рашэньні ў наборы інструмэнтаў ЭЗ, у тым ліку прызначаныя для выключных абставін, павінны быць выкарыстаныя для ўзмацненьня здольнасьці да стрымліваньня і стратэгічнай аўтаноміі блёку.
Парлямэнтарыі заклікалі лідэраў Эўропы прызнаць «новую рэальнасьць і праявіць лідэрства, бачаньне і рашучасьць». На іх думку, прызнаньне прыхільнасьці ЭЗ сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны «важнае, але недастатковае».
Заяву падпісалі сем парлямэнтарыяў, у тым ліку кіраўнік камітэту замежных спраў Дэвід МакАлістэр, кіраўнік дэлегацыі ў парляменцкі камітэт Асацыяцыі Ўкраіна-ЭЗ Пэка Товэры, кіраўнік дэлегацыі па адносінах ЭЗ і ЗША Брандо Бэніфэі і кіраўнік дэлегацыі ў парлямэнцкі камітэт па супрацоўніцтве і супрацоўніцтве ЭЗ і Расеі Віле Нійнісьцьё.
Раней спэцыяльны пасланьнік ЗША Кіт Кэлаг заявіў, што за сталом перамоваў для завяршэньня вайны Расеі супраць Украіны павінны быць прадстаўнікі Кіева, Масквы і Злучаных Штатаў як пасярэднікаў. У той жа час, на пытаньне, ці можа ён гарантаваць прысутнасьць Эўропы за сталом перамоваў, ён адказаў адмоўна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Трамп назваў Зяленскага «дыктатарам бяз выбараў» і заклікаў яго «дзейнічаць хутка»ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі: ЗША дапамагаюць Пуціну выйсьці з ізаляцыі, мяне проста цяпер памяняць не атрымаеццаВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.