Пуцін заявіў, што расейскія войскі перасеклі мяжу з Украінай у Сумскай вобласьці. Ва Ўкраіне гэта адмаўляюць

Ілюстрацыйнае фота. У Курскай вобласьці Расеі, 5 студзеня 2025 году.

Прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што расейскія войскі перасеклі мяжу з Украінай у раёне Курскай вобласьці. Рэгіён мяжуе з Сумскай вобласьцю Ўкраіны. У Дзяржаўнай памежнай службе і Ўзброеных сілах Украіны не пацьвердзілі інфармацыю, агучаную расейскім прэзыдэнтам.

«Самая апошняя інфармацыя, якую мне даклалі літаральна гадзіну таму — сёньня ноччу байцы 810-й брыгады перасеклі мяжу Расейскай Фэдэрацыі і Ўкраіны і выйшлі на тэрыторыю суперніка. І па ўсёй лініі баявога судакрананьня нашы войскі наступаюць», — сказаў ён.

Такую заяву Пуцін зрабіў на наступны дзень пасьля перамоваў з ЗША, якія прайшлі ў Саудаўскай Арабіі, дзе абмяркоўвалася пытаньне па Ўкраіне. Ён заявіў, што высока ацэньвае вынікі перамоваў у Эр-Рыядзе і Расея «ніколі не адмаўлялася ад перамоўнага працэсу з Украінай».

«Гэта нашы партнэры [эўрапейскія краіны] па перамовах спынілі кантакты з Расеяй. А Ўкраіна забараніла сама сабе весьці перамовы, выйшла зь перамоўнага працэсу ў Стамбуле, — сказаў ён. — Мы ж нікому нічога не навязваем. Мы гатовыя. Ужо сто разоў аб гэтым сказаў. Хочуць, калі ласка. Няхай ідуць гэтыя перамовы. І мы гатовыя вярнуцца за стол перамоваў».

Пуцін заявіў, што Расея хоча выйсьці «на прымальныя для абодвух бакоў рашэньні, а гэта, вядома, няпростая задача».

«Я ўжо казаў пра гэта. Калі Трамп быў кандыдатам у прэзыдэнты ЗША, ён казаў аб дастаткова кароткіх тэрмінах урэгуляваньня ўкраінскага крызісу, але пасьля таго, як стаў атрымліваць інфармацыю, як ужо абраны прэзыдэнт, ад спэцслужбаў і гэтак далей, ён зьмяніў сваю пазыцыю», — заявіў Пуцін.

Пасьля перамоваў расейскай і амэрыканскай дэлегацый у Эр-Рыядзе іх удзельнікі заявілі, што вырашылі пачаць «украінскае ўрэгуляваньне». Пры гэтым Украіны не было за сталом перамоваў. У сераду, 19 лютага, у Кіеў прыбыў спэцпасланьнік амэрыканскага прэзыдэнта Дональда Трампа па Ўкраіне і Расеі Кіт Келаг. Ён сказаў журналістам, што «прыехаў слухаць» і разумее неабходнасьць прадставіць Украіне гарантыі бясьпекі.

  • 18 лютага ў Эр-Рыядзе прайшлі першыя афіцыйныя перамовы на высокім узроўні паміж Вашынгтонам і Масквой пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Прадстаўнікоў Кіева на перамовы, адной з асноўных тэмаў якіх было спыненьне вайны ва Ўкраіне, не запрасілі. Расея і Злучаныя Штаты па выніках перамоваў дамовіліся стварыць групы для перамоваў аб шляху да спыненьня вайны «як мага хутчэй», сказаў дзяржсаратар ЗША Марка Рубіё. Юрый Ушакоў, памочнік Уладзіміра Пуціна ў замежнай палітыцы, пацьвердзіў дамоўленасьць аб перамоўных групах, але сказаў, што «цяжка» абмяркоўваць дату патэнцыйнай сустрэчы Трампа і Пуціна.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.