У Расеі зноў пажар на НПЗ, сытуацыя на фронце «стабільна напружаная»

Наступствы ўкраінскага ўдару па нафтабазе ў Бранскай вобласьці ў студзені 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

Саратаўскі нафтаперапрацоўчы завод забясьпечвае палівам баявую авіяцыю Расеі.

У ноч на 11 лютага расейскія войскі атакавалі газавую інфраструктуру Ўкраіны і прыфрантавыя тэрыторыі.

Украінскі бок зноў нанёс удар па нафтаперапрацоўчым заводзе ў Саратаве і вайсковым аэрадроме ў Энгельсе, адкуль у неба падымаюцца самалёты для абстрэлу Ўкраіны.

У Саратаве на НПЗ зноў пажар

Губэрнатар Саратаўскай вобласьці Раман Бусаргін паведаміў аб пашкоджаньнях «на прамысловым прадпрыемстве ў Саратаве».

Паводле яго, пацярпелых няма, а «ўзгараньне» ўдалося патушыць праз 2,5 гадзіны.

Шэраг расейскіх Telegram-каналаў паведамілі пра ўдар па Энгельсе ў Саратаўскай вобласьці, дзе знаходзіцца база стратэгічнай авіяцыі Расеі. Мясцовыя жыхары пацьвердзілі гэтую атаку і пажары на вайсковы аэрадроме, але ўлады сытуацыі ў сваіх паведамленьнях ня згадваюць.

У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што ў ноч над Саратаўскай вобласьці «перахапілі і зьнішчылі» амаль палову ад усіх дронаў, якія зайшлі на расейскую тэрыторыю. Як сьцьвярджаюць у ведамстве, з 40 бесьпілётнікаў 18 зьбілі над Саратаўскай вобласьцю, 13 — над Растоўскай, 6 — над Бранскай, 2 — над Валгаградзкай і адзін — на Белгарадзкай абласьцямі.

Улады ўсіх іншых расейскіх рэгіёнаў сьцьвярджаюць, што ў выніку падзеньня аскепкаў дронаў ніхто не пацярпеў і абышлося без разбурэньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

BBC: Украіна летась больш за 80 разоў атакавала бесьпілётнікамі нафтавыя аб’екты Расеі

У Палтаўскай вобласьці 9 населеных пунктаў засталіся без ацяпленьня

Расея атакавала тылавыя вобласьці Ўкраіны і ракетамі, і дронамі.

У Палтаўскай вобласьці ў выніку ракетнага ўдару без газазабесьпячэньня засталіся 9 населеных пунктаў у Міргарадзкім раёне. Але ўлады сьцьвярджаюць, што пацэльваньняў у аб’екты цывільнай інфраструктуры не было.

Міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка паведаміў, што ўначы Расея атакавала энэргасыстэму, у тым ліку газавую інфраструктуру. Паводле яго, каб мінімізаваць магчымыя наступствы для энэргасыстэмы, увялі экстранныя абмежаваньні энэргазабесьпячэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна і Вялікая Брытанія падпісалі дамову аб 100-гадовым партнэрстве

На фронце сытуацыя стабільна напружаная

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што за апошні дзень на фронце адбылося 139 баявых сутыкненьняў.

Расейскія войскі абстрэльвалі пазыцыі ўкраінскіх вайскоўцаў і прыфрантавыя тэрыторыі на поўдні, поўначы і ўсходзе. Усяго, згодна з ацэнкамі Генштабу, расейцы нанесьлі 100 авіяўдараў, у часе якіх скінулі 140 кіраваных авіябомбаў, а таксама ажыцьцявіў амаль 6 тысяч абстрэлаў, у тым ліку 200 — з рэактыўных сыстэм залпавага агню, і выкарыстаў 2853 баявых дронаў.

У прыфрантавых населеных пунктах Запароскай вобласьці 1 чалавек загінуў і 5 атрымалі раненьні, Херсонскай вобласьці — 2 чалавекі загінулі і 6 атрымалі раненьні, Днепрапятроўскай — 4 параненыя.

Найбольш складаная сытуацыя застаецца на пакроўскім кірунку — там расейцы ажыцьцявілі 47 штурмаў украінскіх пазыцый, і ў Курскай вобласьці.

«У апэрацыйнай зоне на Куршчыне падразьдзелы Сіл абароны Ўкраіны за апошні дзень адбілі 27 атак расейскіх захопнікаў. Праціўнік ажыцьцявіў 450 артылерыйскіх абстрэлаў [...] і 48 авіяўдараў з выкарыстаньнем 67 КАБ», — адзначаецца ў паведамленьні Генштабу Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Узброеныя сілы Ўкраіны пачалі новую сэрыю мэханізаваных штурмаў у Курскай вобласьці

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.