Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда 7 лютага падпісаў зьмены ў законе аб супрацьдзеянні падтрымцы агрэсіі супраць Украіны і абароне нацыянальнай бясьпекі. Папраўкі да закону, ухваленыя прэзыдэнтам, узмацняюць кантроль за выкананьнем санкцыйных абмежаваньняў для Расеі і Беларусі.
Папраўкі ў закон Сэйм прыняў 9 студзеня 2025 году. Зьменены шэраг нарматыўных актаў, у тым ліку закон аб санкцыях, закон аб Нацыянальнай падатковай адміністрацыі (KAS) і закон аб супрацьдзеяньні адмываньню грошай і фінансаваньню тэрарызму.
Санкцыйны закон Польшчы рэглямэнтуе меры, прынятыя Эўразьвязам у адказ на ваеннае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну і ўдзел Беларусі ў агрэсіі. Асноўныя навацыі наступныя:
Узмацненьне кантролю за выкананьнем санкцыйных абмежаваньняў
Павелічэньне тэрміну часовага прымусовага кіраваньня замарожанымі актывамі з 24 да 36 месяцаў
Больш жорсткія патрабаваньні да экспартэраў, каб перадухіліць абыход санкцыяў для Расеі і Беларусі
Забарона на ўдзел у дзяржаўных закупках кампаніям і асобам, уключаных у санкцыйны сьпіс
Цяпер экспартэры абавязаныя:
Называць канчатковага атрымальніка тавараў і пацьвярджаць, што груз не прызначаны для Расеі ці Беларусі.
Падпісваць пад крымінальнай адказнасьцю заяву аб тым, што тавары ня будуць прадаваць, перапрацоўваць або назапашваць у гэтых краінах.
Дадатковыя захады дзеля канфіскацыі й фінансавага кантролю
Уводзяцца новыя паўнамоцтвы Нацыянальнай падатковай адміністрацыі (KAS):
За парушэньне рэжыму санкцыяў падатковыя органы змогуць канфіскоўваць тавары і перадаваць іх ува ўласнасьць дзяржавы.
Узмацняецца кантроль фінансавых патокаў, зьвязаных з Расеяй і Беларусьсю, у рамках барацьбы з адмываньнем грошай.
Пашыраюцца паўнамоцтвы Галоўнага інспэктара фінансавай інфармацыі ў зборы зьвестак аб накладзеных штрафах.
Прынятыя зьмены набудуць моц праз 14 дзён пасьля афіцыйнай публікацыі.