Рада Эўропы стварае Трыбунал для расьсьледаваньня агрэсіі Расеі супраць Украіны

Генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ. Архіўнае фота

Трыбунал для расьсьледаваньня расейскай узброенай агрэсіі супраць Украіны могуць стварыць ужо гэтай вясной.

Спэцыяльны трыбунал па злачынстве агрэсіі будзе заснаваны ў рамках Рады Эўропы, паведаміў 4 лютага ў Бруселі генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ.

«Стварэньне Спэцыяльнага трыбуналу па злачынстве агрэсіі ў рамках Рады Эўропы дасьць магчымасьць нашым міжнародным партнэрам, у прыватнасьці Ўкраіне і Эўрапейскаму зьвязу, у поўнай меры выкарыстоўваць наш досьвед і веды ў галіне абароны правоў чалавека і вяршэнства права на ўсім кантынэнце», — заявіў Бэрсэ на брыфінгу ў Брусэлі.

Як піша Расейская служба Радыё Свабода, у асноўную групу стварэньня трыбуналу па злачынстве агрэсіі Расеі супраць Украіны ўваходзіць 41 дзяржава, Эўракамісія, Эўрапейская замежнапалітычная служба і Рада Эўропы.

Паводле крыніц DW, цяперашняя сустрэча ініцыятараў трыбуналу можа стаць перадапошняй, а наступная можа адбыцца вясной. На ёй, верагодна, будзе падпісаны дакумэнт аб стварэньні спэцтрыбуналу.

За злачынства агрэсіі, названае адным з самых цяжкіх злачынстваў, маюць караць кіраўнікоў дзяржавы-агрэсара і яе вайсковае кіраўніцтва. У адказ на пытаньне DW аб тым, як стварэньне міжнароднага трыбуналу можа паўплываць на патэнцыйныя перамовы, якія прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп мае намер правесьці з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, кіраўніца замежнапалітычнай службы ЭЗ Кая Калас адказала:

«Няма ніякіх сумневаў, што Пуцін зьдзейсьніў злачынства агрэсіі, гэта значыць вырашыў напасьці на іншую краіну, замахнуўся на сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны».

У інтэрвію «Нямецкай хвалі» Калас таксама сказала, што праца трыбуналу неабходная «для прыцягненьня вінаватых да адказнасьці і для ўсталяваньня справядлівага міру ва Ўкраіне».

Расея ў 2014 годзе анэксавала Крым і падтрымала ўзброеных сэпаратыстаў на Данбасе. У 2022 годзе Масква пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну, якое Кіеў і Захад, як і большасьць краін ААН, ахарактарызавалі як несправакаваную агрэсію. Расейскія ўлады сярод галоўных мэт вайны называлі «дэнацыфікацыю» і «дэмілітарызацыю» Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі заявіў пра гатоўнасьць да перамоваў з Пуціным, «калі гэта адзіны варыянт»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейцы абстралялі гарадзкую раду Ізюму і чыгуначнае дэпо ў Днепрапятроўскай вобласьці

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.