Ад вартых даверу крыніц у Брусэлі Свабодзе стала вядома, якое мыта Эўракамісія прапануе ўвесьці на шэраг тавараў сельскагаспадарчай прадукцыі і азотныя ўгнаеньні зь Беларусі і Расеі. Прыняцьце новых абмежаваньняў чакаецца ў бліжэйшыя тыдні.
28 студзеня Эўракамісія зацьвердзіла прапанову аб увядзеньні мыта на шэраг сельскагаспадарчых тавараў зь Беларусі і Расеі, а таксама на некаторыя азотныя ўгнаеньні. Мэта прапановы — зьнізіць залежнасьць ад імпарту з Расеі і Беларусі. Такі імпарт, асабліва ўгнаеньняў, робіць ЭЗ уразьлівым для патэнцыйных прымусовых дзеяньняў з боку Расеі і, такім чынам, становіць небясьпеку для харчовай бясьпекі ЭЗ, гаварылася ў прэс-рэлізе.
Паводле інфармацыі Свабоды, плянуецца павышэньне мыта на сельскагаспадарчыя тавары з 0% або нізкіх ставак да 50%. У пералік сельскагаспадарчай прадукцыі, на якую будзе накладацца мыта, сярод іншага трапілі мяса і мясныя субпрадукты, малочная прадукцыя, збожжа, садавіна, гародніна, алеі (аліўкавы, сланечнікавы, какосавы, кунжутны і інш.) і тлушчы, іншыя прадукты), кава, гарбата, какава, цукар, кандытарскія вырабы і інш.
Азотныя ўгнаеньні, акрамя цяперашняга мыта ў памеры 6,5%, будуць абкладацца дадатковым мытам, якое будзе паступова павялічвацца, пачынаючы з 40 ці 45 эўра за тону ў залежнасьці ад тыпу ўгнаеньня (што адпавядае прыкладна 13%), да забароннага ўзроўню ў 315 або 430 эўра за тону адпаведна — гэта прыкладна 100%, што павінна фактычна спыніць імпарт беларускіх і расейскіх угнаеньняў у ЭЗ. Чакаецца, што паступовы рост мыта на ўгнаеньні павінен завяршыцца за тры гады, да 2028 году.
Таксама плянуецца, што беларуская і расейская прадукцыя будзе выключаная з мытных квотаў Эўразьвязу. Гэта выключыць магчымасьць паставак зь ніжэйшымі тарыфамі.
Абмежаваньні ўводзяцца, згодна з прапановай Эўракамісіі, таму, што ў 2023 годзе залежнасьць ад расейскіх угнаеньняў у ЭЗ перавышала 25%, а гэта «стварае пагрозу для стабільнасьці рынку ЭЗ».
«Беларускі экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі й угнаеньняў хоць і менш значны (агульны аб’ём €92 млн і €29,6 млн адпаведна), але ўключаны ў санкцыйны мэханізм, каб перадухіліць нелегальны транзыт расейскай прадукцыі празь Беларусь», — гаворыцца ў дакумэнце.
Новыя абмежаваньні — частка шырэйшай палітыкі эканамічнага ціску на Расею і Беларусь за падтрымку вайны супраць Украіны.
Чакаецца, што ў выніку ўвядзеньня новага мыта імпарт беларускіх і расейскіх тавараў, ахопленых рэглямэнтам, практычна спыніцца.
Эўразьвяз плянуе замясьціць пастаўкі за кошт уласнай вытворчасьці або альтэрнатыўных пастаўшчыкоў. Для ўгнаеньняў гэта можа быць, напрыклад, Альжыр і Эгіпет.
Чакаецца, што мыта ўвядуць праз чатыры тыдні пасьля публікацыі рэглямэнту.