Расейскія войскі ў ноч на 15 студзеня атакавалі сама меней 10 рэгіёнаў Украіны. Найбольш пацярпела Львоўская вобласьць.
У Скнілаве побач з пашкоджаным будынкам — вялікая варонка
Улады Львоўскай вобласьці паведамілі, што расейскія войскі атакавалі рэгіён у дзьве хвалі — спачатку дронамі, а праз чатыры гадзіны пасьля іх і ракетамі.
«Ёсьць пацэльваньні ў два аб’екты крытычнай інфраструктуры ў Драгобіцкім і Стрыйскім раёнах. На шчасьце, без пацярпелых, але з разбурэньнямі», — напісаў у сваім Telegram-канале кіраўнік Львоўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Максім Казыцкі.
Паводле яго, праз падзеньне ракеты ў сяле Скнілаў Золачыўскага раёну пашкоджаны жылы дом і гаспадарчыя памяшканьні. Побач утварылася варонка дыямэтрам 6 на 5 мэтраў і глыбінёй прыблізна 2,5 мэтра. Ніхто не пацярпеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Перад Новым годам Расея ўсю ноч атакавала дронамі 9 рэгіёнаў Украіны. На Смаленшчыне зноў гарэла нафтабазаВыбухі адбываліся ў шматлікіх гарадах Украіны
У Івана-Франкоўскай вобласьці таксама пад абстрэл трапілі інфраструктурныя аб’екты. Улады не ўдакладняюць маштабаў разбурэньняў. Паводле іх, усе службы працуюць на месцах.
Баявыя дроны зьбівалі над Хмяльніцкай, Цярнопальскай, Жытомірскай і Чарнігаўскай абласьцямі. Але ўлады гэтых рэгіёнаў не паведамілі аб маштабах і наступствах абстрэлаў.
У Кіраваградзкай вобласьці аскепкі зьбітага дрона пашкодзілі вокны некалькіх жылых дамоў, у Чаркаскай — аналягічныя наступствы, над Сумскай вобласьці зьбілі 16 бесьпілётнікаў.
Супрацьпаветраная абарона працавала таксама і над Харкаўскай вобласьцю — у рэгіёне адзін чалавек загінуў і адзін атрымаў раненьні.
Паводле ўладаў усіх іншых вобласьцяў, ахвяр і пацярпелых няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
BBC: Украіна летась больш за 80 разоў атакавала бесьпілётнікамі нафтавыя аб’екты РасеіПольшча праз абстрэлы Ўкраіны падымала ў паветра сваю авіяцыю
У Апэратыўным камандаваньні Польшчы заявілі, што праз расейскі абстрэл Заходняй Украіны вымушаны былі падымаць свае зьнішчальнікі і разгарнуць наземныя сродкі супрацьпаветранай абароны і радыёлякацыйнай выведкі.
Праз тры гадзіны баявая авіяцыя вярнулася на месцы дысьлякацыі. «Парушэньня паветранай прасторы Польшчы не зафіксавана», — адзначылі ў Апэратыўным камандаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Расеі адразу некалькі вялікіх пажараў, але пакуль толькі адзін зь іх зьвязваюць з ударам УкраіныЗяленскі: Украіне, як і раней, патрэбен паветраны шчыт
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пасьля расейскага абстрэлу паведаміў, што Расея атакавала ўкраінскія гарады больш як 70 дронамі і запусьціла больш за 40 ракет, 30 зь якіх змагла зьнішчыць СПА.
«Пастаянна патрабуем узмацненьня наяўных магчымасьцяў украінскага паветранага шчыта. Партнэры на саміце NATO у Вашынгтоне і ў фармаце „Рамштайн“ далі абяцаньні, якія дагэтуль не рэалізаваныя цалкам. Мы гаварылі і пра ліцэнзіі на вытворчасьць сыстэм СПА і супрацьракет, што можа стаць адной зь дзейных гарантый бясьпекі для Ўкраіны, і гэта таксама рэалістычна і патрэбна выканаць», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Расея абстрэльвае Ўкраіну штодня. У Міністэрстве абароны Расеі сьцьвярджаюць, што наносяць удары толькі па вайсковых аб’ектах. Ахвяраў сярод мірных жыхароў і разбурэньняў цывільнай інфраструктуры ў Маскве не камэнтуюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Міністар абароны ЗША абвясьціў у Нямеччыне пра новы пакет вайсковай дапамогі Ўкраіне ў 500 мільёнаў даляраўВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.